Брытанская прэса: Беларусь занепакоеная мядзьведжымі абдымкамі

У большасьці беларусаў крыху слабейшае пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці, чым ва ўкраінцаў, але яны адчуваюць сябе хутчэй беларусамі, чым расейцамі.

Да такой высновы прыйшоў ангельскі журналіст Чарлз Грант, які нядаўна пабываў у Беларусі і параўнаў свае цяперашнія ўражаньні з уражаньнямі ад наведваньня краіны 5 гадоў таму. Сваё бачаньне Беларусі Чарлз Грант падсумаваў у брытанскім тыднёвіку «New Statesman». Фрагмэнты:

Вярнуўшыся ў Беларусь пасьля пяці гадоў, я выявіў, што зьмянілася там вельмі няшмат: Аляксандар Лукашэнка далей застаецца прэзыдэнтам (ён стаў ім у 1994 годзе), апазыцыя слабая, недзяржаўныя арганізацыі змагаюцца за выжываньне, дзяржава дае працаўладкаваньне каля 70% працоўнай сілы, беспрацоўе нязначнае, вулічная злачыннасьць нізкая, і карупцыі ў краіне меней, чым у Расеі ці Ўкраіне. Адна зьмена, аднак, ёсьць: Беларусь цяпер апынулася пад пагрозай страты сваёй незалежнасьці. Некаторыя ўрадавыя чыноўнікі і лідэры апазыцыі заклапочаныя, што крызыс ва Ўкраіне, у спалучэньні з сур’ёзнымі эканамічнымі праблемамі, павялічвае верагоднасьць такой пэрспэктывы.

Шэраг апазыцыйных актывістаў прызнае, што Лукашэнку да гэтай пары ўдавалася захаваць амаль поўную незалежнасьць сваёй краіны. Некалькі разоў ён здабыў фінансавую дапамогу з Расеі ў абмен на абяцаньні, ад якіх потым адмовіўся. Ён пэрыядычна фліртаваў з Захадам, каб ураўнаважыць расейскі ўплыў. Гэта выклікала злосьць расейскіх кіраўнікоў, але яны неахвотна цярпелі яго. (...)

Беларусы не змаглі б захаваць свой узровень жыцьця — ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі амаль на 50 адсоткаў вышэйшы, чым ва Ўкраіне — без расейскіх субсыдый, у асноўным у выглядзе таннай нафты і газу. Але гэтая сыстэма больш не працуе на стабільнасьць. Дэфіцыт плацёжнага балянсу вырас з 3% ВУП у 2012 годзе да 10% летась (прыблізна да 7 мільярдаў даляраў) і, верагодна, будзе яшчэ большы сёлета. Дэфіцыту нельга ўтаймаваць бяз значных пазыкаў, а адзінай краінай, гатовай крэдытаваць Беларусь, можа аказацца толькі Расея. Масква ясна дала зразумець, з чым такія пазыкі будуць зьвязаныя: з прыватызацыяй галоўных прамысловых актываў Беларусі і магчымасьцю закупу іх расейцамі; усё мацнейшымі сувязямі з «эўразійскай эканамічнай супольнасьцю»; падтрымкай дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. (...)

Беларускія ўлады, занепакоеныя ўсё мацнейшымі мядзьведжымі абдымкамі, паслалі сыгналы ў Брусэль, што Менск можа быць гатовы да больш цесных сувязяў. Эўразьвяз насьцярожаны: апошняе збліжэньне ў 2009 годзе прывяло да вызваленьня палітвязьняў у абмен на прыпыненьне санкцый, але скончылася разгонам апазыцыі. Тым ня менш, Эўразьвяз нядаўна пагадзіўся на перамовы аб памякчэньні візавых правілаў для беларусаў, і некалькі краінаў-сябраў ЭЗ хоча ісьці далей. Эўрапейскія лідэры ведаюць, што Лукашэнка ня будзе паслабляць сваю дыктатуру, але некаторыя зь іх лічаць, што ўзаемадзеяньне дапаможа краіне захаваць яе незалежнасьць.