Турчынаў запатрабаваў аднавіць антытэрарыстычную апэрацыю

Аляксандар Турчынаў

Выканальнік абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў патрабуе ад сілавікоў аднавіць антытэрарыстычныя мерапрыемствы на ўсходзе Ўкраіны.
Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, распаўсюджанай вечарам 22 красавіка:

«Сёньня ля Славянска знойдзеныя целы двух па-зьверску закатаваных людзей. У адным зь іх апазналі зьніклага дэпутата Горлаўскага гарсавету, сябра партыі „Бацькаўшчына“ Ўладзімера Рыбака, якога выкралі напярэдадні тэрарысты.

Тэрарысты, ўзялі ў закладнікі фактычна ўвесь Данецкі рэгіён, перайшлі мяжу, пачаўшы катаваць і забіваць патрыётаў Украіны. Яны дзёрзка кінулі выклік ня толькі нашай краіне, але і ўсёй усясьветнай супольнасьці, калі дэманстратыўна пазьдзекаваліся над рашэньнямі, прынятымі ў Жэнэве.

Гэтыя злачынствы робяцца пры поўнай падтрымцы і патураньні Расейскай Фэдэрацыі.

Я патрабую ад сілавых структур аднаўленьня і правядзеньня дзейсных антытэрарыстычных мерапрыемстваў, накіраваных на абарону ад тэрарыстаў украінскіх грамадзянаў, якія пражываюць на ўсходзе Ўкраіны», — цытуе Турчынава «Украінская праўда».