Дзярждума прыраўняла блогераў да СМІ

Блогеры, чыя аўдыторыя складае больш за тры тысячы чалавек у суткі, павінны выконваць тыя ж патрабаваньні, што і зарэгістраваныя сродкі масавай інфармацыі.
Гэта вынікае з прынятага Дзярждумай Расеі закону, які рэгулюе парадак абмену інфармацыяй у інтэрнэце.

Цяпер блогеры мусяць спраўджваць дакладнасьць інфармацыі і не разьмяшчаць матэрыялы, якія ўлады могуць палічыць экстрэмісцкімі.

Караць блогераў будуць за раскрыцьцё дзяржаўнай таямніцы, заклікі да тэрарызму, прапаганду «парнаграфіі, культу гвалту і жорсткасьці».

Закон таксама абавязвае блогера разьмясьціць на сваім сайце прозьвішча з ініцыяламі ды электронны адрас для накіраваньня юрыдычных заўваг.

За парушэньне закону блогераў будуць караць штрафамі.

Крытыкі законапраекту лічаць, што гэта спроба паставіць папулярныя блогі пад палітычны кантроль дзяржавы.