«Беркутаўцаў» заклікаюць аб’яднацца з «Самаабаронай», каб супрацьстаяць Расеі

МУС заклікае былых байцоў «Беркуту» аб’яднацца з «Самаабаронай» дзеля супрацьстаяньня зьнешняй агрэсіі. Пра гэта гаворыцца ў звароце калегіі МУС.

«Мы, чальцы Калегіі МУС Украіны, зьвяртаемся ў першую чаргу да былых працаўнікоў „Беркуту“. Вы заўсёды былі элітай сіл правапарадку. Вы не шкадавалі сваіх сіл і жыцьця для абароны людзей. Цяпер Маці-Украіна мае патрэбу ў вашай дапамозе і ўдзеле, як ніколі. Хай учора „Беркут“ і „Самаабарона“ былі па розныя бакі барыкадаў. Цяпер, перад зьнешняй агрэсіяй, усе грамадзяне павінны памятаць, што яны зьяўляюцца дзецьмі адзінай украінскай зямлі, забыцца на ўсе ўзаемныя крыўды, адкінуць усе асабістыя амбіцыі», — гаворыцца ў звароце Калегіі МУС.

У канцы лютага выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Украіны Арсен Авакаў сваім загадам ліквідаваў спэцыяльны аддзел міліцыі грамадзянскай бясьпекі «Беркут».

Байцы атраду «Беркут» былі актыўнымі ўдзельнікамі трохмесячнага супрацьстаяньня сілавікоў і дэманстрантаў у Кіеве. Менавіта «беркутаўцы» 30 лістапада 2013 году жорстка зьбілі на Майдане ўдзельнікаў мірнага студэнцкага пратэсту, што стала штуршком да працяглага супрацьстаяньня ва ўкраінскай сталіцы.