Украіна хоча дэмілітарызацыі Крыма

Сёньня на пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Ўкраіна будзе настойваць на дэмілітарызацыі Крыма, нягледзячы на вывад украінскіх войскаў з паўвострава.
Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных спраў Украіны Данііл Лубкоўскі:

«Ніякім чынам вывад украінскіх вайскоўцаў з Крыма не зьяўляецца памылкай. Дэмілітарызацыя — гэта працэс характару агульнай бясьпекі. У ім могуць быць розныя этапы».

Акрамя таго, Лубкоўскі дадаў, што не толькі Крым, але і ўвесь Чарнаморскі рэгіён неабходна вызваліць ад вялікай колькасьці расейскай вайсковай тэхнікі.


Генэральная асамблея ААН зьяўляецца галоўным дарадчым органам ААН. Яна складаецца з прадстаўнікоў усіх 193 дзяржаў-сябраў, кожная зь якіх мае адзін голас. Рашэньні па важных пытаньнях, такія як пытаньні міру і бясьпекі або прыём новых сябраў, патрабуюць большасьці ў дзьве траціны галасоў. Рашэньні па іншых пытаньнях прымаюцца простай большасьцю. Усе рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН зьяўляюцца рэкамэндацыйнымі.