«Вялікая сямёрка» падтрымала Ўкраіну і прыгразіла Расеі далейшымі санкцыямі

Сустрэча лідэраў "Вялікай сямёркі"

Лідэры гэтак званай «Вялікай сямёркі» (G7) вядучых дзяржаваў сьвету прыпынілі свой удзел у «Вялікай васьмёрцы» з Расеяй і выказалі падтрымку ўкраінскага ўраду, папярэджваючы аб «значных наступствах» для дзеянняў Масквы.
У заяве пасьля крызісная пасяджэньня ў кулюарах ядзернага саміту ў Гаазе G7 запатрабавала ад Расеі паважаць тэрытарыяльную цэласнасць і сувэрэнітэт Украіны, пачаць перамовы з урадам Украіны і скарыстацца з прапаноў міжнароднага пасярэдніцтва і маніторынгу, каб вырашаць любыя пытаньні, у дачыненьні якіх могуць быць законныя праявы заклапочанасьці.

У заяве Расея крытыкуецца за «незаконную спробу анэксаваць Крым у парушэнне міжнароднага права».

Лідэры Канады, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і ЗША пагадзіліся перанесьці запланаваны на лета саміт з Сочы ў Брусэль, заявіўшы: «Мы прыпыняем наш удзел у „Вялікай васьмёрцы“ пакуль Расея ня зьменіць курс».

Яны таксама адзначчылі што G7 застаецца «гатовай актывізаваць дзеянні», якія аказалі бы негатыўны ўплыў на расейскую эканоміку.