Жудасны час у крымскім палоне

Андрэй Шчакун

У чацьвер стала вядома, што самаабвешчаная крымская ўлада пасьля ультыматуму афіцыйнага Кіева вызываліла восем закладнікаў, сярод якіх быў і старшыня Ўсякрымскай Украінскай Рады, каардынатар крымскага Эўрамайдану Андрэй Шчакун.
Андрэй зьнік яшчэ раніцай 10 сакавіка. Разам са старшынёй Апякунскай рады Ўкраінскай школы—гімназіі ў Сымфэропалі Анатолем Кавальскім украінскага актывіста скралі на сімфэропальскім чыгуначным вакзале прадстаўнікі «самаабароны Аксёнава».

Андрэй Шчакун яшчэ знаходзіцца ў Херсонскай бальніцы, але ўжо зьбіраецца ў Кіеў, дзе яго чакае жонка. Пра самаадчуваньне ў інтэрвію ўкраінскай службе нашага радыё Андрэй кажа:

— Трохі ёсьць слабасьць. Толькі зрабілі апэрацыю, дасталі з рукі дзьве кулі — «Самаабаронцы» стралялі ў мяне з «траўмата». Рады, што ва Ўкраіне, што ўжо вольны, трымаюся. Толькі крыўдна за Крым, які так здалі.

—Ужо размаўляў з роднымі?

— Так, як толькі апынуліся на Чангары, адразу патэлефанаваў жонцы. Людміла адвезла трох нашых дзяцей на Львоўшчыну і цяпер чакае мяне ў Кіеве.

— Андрэй, ведаю, што цяжка было...

— Перажыў жудасныя часы, ня дай Бог такое камусьці такое перажыць. Зьбівалі, катавалі, электрычнасьць падключалі, лупілі па сьпіне. Распытвалі, ці зьвязаны з «Правым сэктарам», хто фінансуе, хто кіруе... У прынцыпе ўсё вытрымаў, сілы волі хапіла. Акрамя таго, зьдзекаваліся некаторыя ахоўнікі, стралялі ў рукі і ногі з пнэўматычнай зброі. Не давалі есьці, часам і піць. Было вельмі, вельмі цяжка. Але і былі людзі, якім яшчэ горш даставалася. Іх прывозілі амаль кожную ноч, кожную раніцу. Аднаму з хлопцаў вуха адрэзалі. А ён наогул ні да чаго ня мае дачыненьня, хоць і прынялі яго за «Правы сэктар». Прастрэлілі яму абедзьве нагі. Зь іншага хлопца яшчэ больш зьдзекаваліся, таму што даведаліся па фатаграфіі ў інтэрнэце, што быў у Кіеве, на Майдане. Я, дзякуючы пэўнаму вопыту, быў асьцярожны ў адказах, трымаўся неяк маральна, можа, і таму ня так пацярпеў, як гэтыя хлопцы.

— Хто былі гэтыя людзі, якія вас трымалі?

— Там кантынгент быў падабраны асаблівы, у іх у галовах сапраўдная інфармацыйная вайна, поўнае глупства. Былі там розныя людзі: адны крыжыкі нацельныя сарвалі, іншыя іх купілі і прынесьлі нам, калі пра гэта даведаліся. А былі так званыя «спэцыялісты», да якіх нас вадзілі нас на допыт. Гэта стоадсоткава не крымчане, яны неяк па—іншаму і размаўлялі, і дзейнічалі, відаць, прафэсійна. Печань абяцалі выразаць, іншыя падобныя жудасныя рэчы казалі. Падобна на тое, што гэта былі чачэнцы. А ўсе астатнія, ахоўнікі — былыя вайскоўцы, якія адслужылі арміі, на Чарнаморскім флёце. Падобна на тое, што гэта былі крымчане, яны сябе называлі «армія Крыма».