Плюсы і мінусы расейскай імпэрскай прапаганды

На Захадзе толькі лянівы не высьмейваў расейскую прапаганду адносна Ўкраіны і Крыму як грубую і прымітыўную. Справа аднак у тым, што гэтая прапаганда эфэктыўна працуе — прынамсі ў Расеі і прынамсі цяпер.
Сытуацыю тлумачыць аглядальнік нашага радыё Браян Уітмар:

Заканчваючы сваю прамову на сумесным пасяджэньні парлямэнту на гэтым тыдні, Уладзімер Пуцін заявіў, што 92% расейцаў выказаліся за далучэньне Крыму.

Лік быў разьдзьмуты, але не нашмат. Сацыёляг Леў Гудкоў, дырэктар незалежнага Левада-Цэнтру, кажа, што паводле ягонага апытаньня амаль 80% расейцаў лічаць Крым часткай Расеі.

У апошнія тыдні людзі з Захаду назіралі з насьмешкамі за тым, як кантраляваныя дзяржавай СМІ ў Расеі паказвалі падзеі ў Украіне: менавіта, як пераварот нэанацыстаў, які выклікаў хвалю антысэмітызму і рэпрэсій супраць расейскамоўных ды гуманітарны крызыс і паток уцекачоў ад хаосу.

Хто паверыць у такі матэрыял? Факты на месцах настолькі ж відавочныя, што скажоная і ілжывая карціна крамлёўскіх прапагандыстаў адразу кідаецца ў вочы.

Аказваецца, былі такія, якія паверылі.

назіраецца ўсплёск папулярнасьці Пуціна, умацоўваецца легітымнасьць рэжыму. Але гэты ўсплёск будзе вельмі нядоўгі
Паводле Гудкова, у пэрыяд зь лістапада 2013 году, калі пачаліся масавыя дэманстрацыі ў Кіеве, да канца лютага, калі быў скінуты прэзыдэнт Віктар Януковіч, пераважная большасьць расейцаў думала, што тое, што адбывалася ў Украіне, было ўнутранай справай, у якую Расея не павінна ўмешвацца.

Цяпер, у дадатак да 79% расейцаў, якія разглядаюць Крым як частку Расеі, блізка 58% падтрымліваюць разьмяшчэньне расейскіх войскаў.

«Кампанія, якая пачалася ў апошні тыдзень лютага — і якая аказалася незвычайнай па сваёй інтэнсіўнасьці і агрэсіўным тоне — рэзка зьмяніла грамадзкія настроі. Прапаганда агаломшыла людзей. Грамадзкасьць цяпер ва ўзбуджаным стане, у ёй абудзіліся ўсе імпэрскія комплексы» — кажа Гудкоў.

Значыць, Пуціну няма чым турбавацца?

Паводле Гудкова, пакуль што крамлёўская прапаганда вырабляе цуды. Але ў даўжэйшай пэрспэктыве павінна прыйсьці працьверажэньне. А пасьля працьверажэньня можа прыйсьці адмоўная рэакцыя. Чаму? Гудкоў тлумачыць, што такі мэханізм тоіцца ў самой прыродзе прапаганды:

«Эфэктыўнасьць прапаганда наўпрост зьвязаная з прадметам прапаганды. Вельмі цяжка пераканаць людзей, што ўлады складаюцца з кампэтэнтных і прыстойных людзей. Аднак лёгка пераканаць іх, што амэрыканцы катуюць прынятых на ўсынаўленьне расейскіх дзяцей, таму што гэтага нельга праверыць».

Паводле Гудкова, Крэмль у канчатковым выніку можа стаць ахвярай свайго ўласнага посьпеху.

«Крамлёўскія паліттэхнолягі і маніпулятары не разумеюць, што празь некаторы час гэта абернецца супраць саміх расейскіх уладаў. Гэта закончыцца тым, што ў людзей узьнікнуць выразныя аналёгіі паміж цяперашняй расейскай уладай і рэжымам Януковіча» — лічыць Гудкоў.

Гудкоў не самотны ў прадказаньнях, што крамлёўскай прапагандзе ня ўдасца ўтрымаць такога імпэрскага грамадзкага напалу, які назіраецца цяпер.

Вельмі цяжка пераканаць людзей, што ўлады складаюцца з кампэтэнтных і прыстойных людзей. Аднак лёгка пераканаць іх, што амэрыканцы катуюць прынятых на ўсынаўленьне расейскіх дзяцей
«Не, вядома, Пуцін будзе сядзець у прэзыдэнцкім крэсьле яшчэ вельмі доўга. Але жалезабэтоннага тылу у яго больш ня будзе. Як экс-супрацоўнік службы дзяржбясьпекі, ён, калі гэтага не разумее, то ўжо, напэўна, павінен адчуваць. Ды і доўга трымаць на вышыні нацыяналістычны напал вельмі ня проста. Людзей хутка вернуцца да безупыннага росту цэнаў, інфляцыі і таму падобных пытаньняў, увага да якіх часова аслабла» — нядаўна Аляксей Малашэнка з Маскоўскага цэнтру Карнэгі.

Падобна мяркуе расейскі палітоляг Мікалай Пятроў:

«З аднаго боку — назіраецца ўсплёск папулярнасьці Пуціна, умацоўваецца легітымнасьць рэжыму. Але гэты ўсплёск будзе вельмі нядоўгі — калі высьветліцца цана, акажацца, што людзі не гатовыя яе плаціць. Не гатовыя ўдзельнічаць у вайне, не гатовыя жыць пад жорсткімі санкцыямі Захаду і г. д. І задача Пуціна будзе заключацца ў тым, каб за гэты кароткі час выбудаваць рэпрэсіўныя мэханізмы. Каб, калі спадзе грамадзкі энтузіязм, захаваць сыстэму кіраваньня краінай».