Кіраўнік Чачні хоча, каб на яго наклалі санкцыі ЗША і Эўразьвязу

Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі ў Расіі Рамзан Кадыраў заявіў, што не знэрвуецца, калі патрапіць у сьпіс для санкцый Эўразьвязу праз Украіну, паведамляе ў суботу расейскае агенцтва ІТАР-ТАСС.

Паводле яго слоў, ён, наадварот, пакрыўдзіцца, калі ў гэтым сьпісе не на першым месцы, і будзе рады трапіць ў яго разам з «годнымі павагі людзьмі, якія стаяць на варце інтарэсаў сваёй краіны».

«Бандэраўцы забіваюць ні ў чым не вінаватых людзей, а Эўропа і ЗША прымаюць у сябе галоўных тэрарыстаў. Поўнае свавольле. А ў нас моцная дзяржава, і ніякімі санкцыямі і пагрозамі яны не даб’юцца таго, што яны зьдзейсьнілі ў іншых краінах. Мы стаім на абароне сваёй Радзімы», — прыводзіць агенцтва словы Кадырава.

Эўрапейскі зьвяз, як і Злучаныя Штаты Амэрыкі, заяўляў, што, калі Расея не даб’ецца ад прарасейскіх уладаў Крыму адмены прызначанага на нядзелю «рэфэрэндуму» аб уступе паўвострава ў яе склад, ужо ў панядзелак будуць уведзеныя пэрсанальныя санкцыі супраць шэрагу расейскіх і крымскіх чыноўнікаў, а ў выпадку далейшага абвастрэньня сытуацыі наступяць і эканамічныя санкцыі супраць Расеі. У заходняй і расейскай прэсе зьяўляліся розныя спэкуляцыі адносна таго, хто менавіта трапіць у сьпіс для гэтых санкцыяў.

Рамзан Кадыраў кіруе Чачэнія з 2007 года, па словах крытыкаў, як аднаасобны дыктатар, непрымірымы да любой праявы нязгоды. Яго ўлада падпадае пад пастаянную крытыку праваабаронцаў з-за парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку забойстваў, выкраданьняў або катаваньняў яго праціўнікаў. Рамзан Кадыраў таксама вядомы сваім дэманстратыўна падхалімскім стаўленьнем да цэнтральнай улады Расеі, асабліва да яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.