Крэмль плянуе вярнуць Януковіча ва ўладу — украінскія СМІ

Віктар Януковіч і Ўладзімер Пуцін

Расея пачала выконваць плян па вяртаньні ва ўладу зрынутага прэзыдэнта Віктара Януковіча. Да такой высновы прыходзіць украінскі тэлеканал Espreso.tv
«Адразу з двух бакоў пачаўся падкоп пад пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на 25 траўня, — гаворыцца ў матэрыяле расьсьледаваньня Espreso.tv «З аднаго боку, у парлямэнце зарэгістраваны праект пастановы пра перанос гэтых выбараў на 7 сьнежня 2014 года. Гэты праект унёс народны дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Яўген Мураеў, які лічыцца выхаванцам экс-губэрнатара Харкаўшчыны Міхаіла Добкін. Добкін, у сваю чаргу, даўно лічыўся чалавекам, блізкім да Віктара Медзьведчуку».

Медзьведчук — ураджэнец Расеі, блізкі сябар Уладзімера Пуціна і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Лічыцца, што Медвядчук — выканальнік палітыкі Крамля ва Ўкраіне.

Зь іншага боку, адзначаецца ў матэрыяле, Вышэйшы адміністрацыйны суд Украіны завёў справу пра прызнаньне законным рашэньне Вярхоўнай Радай прызначыць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары на 25 траўня. Пасяджэньне суда адбудзецца 19 сакавіка.

Януковіч 11 сакавіка выступіў з новым заявай, дзе назваў сябе ня толькі прэзыдэнтам, але і Вярхоўным галоўнакамандуючым. Паводле словаў зьбеглага прэзыдэнта, пры першай магчымасьці ён вернецца ва Ўкраіну, і гэта можа адбыцца ўжо хутка.

Кіраўніцтва Расеі лічыць Януковіча дзеючым кіраўніком украінскай дзяржавы, аднак скептычна ставіцца да яго вяртаньня ва ўладу, нагадвае БелаПАН.