БЕЛТА: Сваімі дзеяньнямі ў Крыме Расея адчыняе скрыню Пандоры

На маскоўскім мітынгу ў падтрымку дзеяньняў Расеі ў Крыме, 10 сакавіка

Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА распаўсюдзіла артыкул свайго маскоўскага карэспандэнта Эдуарда Півавара «Ці хочуць расейцы вайны?» з вострай крытыкай пазыцыі расейскага кіраўніцтва адносна Ўкраіны і Крыму.
Радыё Свабода публікуе беларускі пераклад гэтага тэксту.

Як бы ні сумна было гэта прызнаваць, але дастаткова паслухаць размовы ў маскоўскім грамадзкім транспарце, пачытаць сацыяльныя сеткі, каб зрабіць несуцяшальную выснову. Бо нават расейцы, якія адносяць сябе да інтэлігенцыі, пры словазлучэньні «расейскі Крым» адмаўляюцца што-колечы аналізаваць і ўпадаюць у дзіцячы экстаз, узгадваючы Кактэбэль, славу Севастопаля, домік Чэхава ў Ялце і апеты Пушкіным Бахчысарайскі фантан. І справа тут не ў масіраванай тэлевізійнай прапагандзе, хоць і яе ўплыву адмаўляць нельга. Масавая сьвядомасьць дэманструе нейкую невытлумачальную сумесь рэцыдыву імпэрскага мысьленьня з комплексам пераможцы, правы якога парушаныя. Пры гэтым пра наступствы магчымай анэксіі Крыму ніхто стараецца не задумвацца, лічачы, што ўкраінцы нейкім невытлумачальным чынам даруюць разьдзел сваёй краіны і ўсё роўна застануцца братамі.

А наступствы ўжо ёсьць, хоць, дзякуй Богу, кроў у Крыме не пралілася і, будзем спадзявацца, не пральецца, і ў расейскія дамы ня прыйдуць цынкавыя труны. Сур’ёзныя страты Расея ўжо панесла на зьнешнепалітычным кірунку: лідэры краінаў «вялікай васьмёркі» адмовіліся ехаць на летні саміт у Сочы і вядуць гаворку пра выключэньне Расеі з G8, уведзеныя санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, існуе пагроза эканамічных санкцыяў. Але найбольш адчувальнымі для ўсіх расейцаў могуць стаць візавыя абмежаваньні, аж да спыненьня выдачы візаў заходнімі краінамі для грамадзянаў РФ: там цяпер пабойваюцца, што Крэмль захоча абараніць расейскамоўнае насельніцтва і на іхняй тэрыторыі. На гэтым фоне справядлівыя часьцяком заявы МЗС Расеі, якія зазначаюць адказнасьць Захаду за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, і парушэньні правоў чалавека, аказваюцца толькі дакумэнтамі для ўнутрырасейскага карыстаньня: за межамі краіны яны не даюць належнага эфэкту.

Расея панесла ўжо і істотныя эканамічныя страты, якія выявіліся ў падзеньні курсу рубля і абвале фондавага рынку: за кароткі час эканоміка страціла грошай больш, чым было выдаткавана на ўсю Алімпіяду ў Сочы. Але галоўныя страты расейцаў чакаюць наперадзе. Як мяркуюць эканамісты, толькі ў энэрга- і водазабесьпячэньне Крыму, якія цяпер цалкам залежаць ад мацерыковай часткі Ўкраіны, давядзецца ўкласьці да 5 мільярдаў даляраў ЗША. Да 3 млрд — на стварэньне транспартных камунікацыяў, яшчэ столькі ж штогод — на датацыі крымскаму насельніцтву, выплату пэнсіяў і іншае. Ускосных жа стратаў, зьвязаных зь непазьбежным згортваньнем расейска-ўкраінскага гандлю і разрывам традыцыйных эканамічных сувязяў, ніхто не лічыў. І гэта на фоне крызісных зьяў у самой расійскай эканоміцы, ня кажучы ўжо пра тое, што расейская глыбінка, Сыбір і Далёкі Ўсход маюць патрэбу ня ў меншых капіталаўкладаньнях.
Як лічаць экспэрты, пад аскепкамі гэтага супрацьстаяньня будзе канчаткова пахаваная СНД

Незваротнымі стануць наступствы расейска-ўкраінскага супрацьстаяньня і для пасьлясавецкай прасторы. Як лічаць экспэрты, пад аскепкамі гэтага супрацьстаяньня будзе канчаткова пахаваная СНД. Бо нават самыя блізкія партнэры Расеі па Мытным зьвязе — Казахстан і Беларусь — ня выказалі прамой падтрымкі яе дзеяньняў, а наадварот — заявілі пра зацікаўленасьць у захаваньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Дый для самога Мытнага зьвязу, на думку аналітыкаў, надыходзяць ня лепшыя часы: цяпер аказваецца пад пытаньнем уступленьне ў яго новых сябраў, перш за ўсё Армэніі. А пра стварэньне зонаў свабоднага гандлю паміж Мытным зьвязам ды іншымі краінамі наагул можна забыцца. Да прыкладу, Новая Зэляндыя ўжо афіцыйна заявіла пра выхад з гэтага праекту.

Але самым глябальным чынам наступствы крымскіх падзеяў могуць адбіцца на будучыні ўсясьветнага парадку. Бо невыпадкова старшыня Мэджлісу крымска-татарскага народу Рэфат Чубараў заявіў: «Мы наблізіліся да разбурэньня ўсясьветнага парадку, які трымаецца на сіле міжнародных дамоваў, шматбаковых і двухбаковых. І сьвет сёньня перш за ўсё павінен думаць пра тое, што падобныя сытуацыі могуць абавязкова паўтарыцца на іхніх тэрыторыях, калі тут, у Крыме, гэтаму бязьмежжу ў частцы міжнароднага права ня будзе пастаўленая заслона».
Думаецца, з таго, што адбываецца, трэба зрабіць свае высновы і беларусам

Сваімі дзеяньнямі ў Крыме Расея адчыняе скрыню Пандоры, і перш за ўсё для сябе. Гэта і ўнутраныя праблемы ў выглядзе Паўночнага Каўказу, які пастаянна выбухае, гэта і незакрытае пытаньне Курылаў. І хто ведае, ці ня выкарыстае ў будучыні Кітай расейскае ноў-хаў па абароне расейскамоўнага насельніцтва, калі захоча абараніць кітайскамоўнае насельніцтва ў Сыбіры і на Далёкім Усходзе — яго ўжо і цяпер там нямала.

У сацыяльных сетках гуляе такі жарт: «Нават Гітлеру ў 45-м не магло прысьніцца, што Нямеччына будзе ўгаворваць Расею не нападаць на Ўкраіну». Думаецца, з таго, што адбываецца, трэба зрабіць свае высновы і беларусам. Настроі, якія пануюць цяпер у Расеі, часам выліваюцца ў мудрагелістыя формы. Вось толькі некаторыя загалоўкі аднаго з расейскіх інфармагенцтваў: «У Беларусі адчыняецца першы бар, які дыскрымінуе расейскамоўных», «Урад Беларусі разглядае законапраект пра зьнішчэньне расейскамоўнай тапанімікі». Мілітарысцкія настроі вельмі заразныя.

Вядома, ня ўсе расейцы хочуць вайны. Ёсьць і тыя, хто выходзіць на акцыі пратэсту. Але плякаты «Не вайне!» цяпер у Расеі па-за законам, за такія лёзунгі выносяцца адміністрацыйныя прысуды. Дый выходзіць на такія акцыі ня больш за сотню чалавек. Значна больш людзей зьбірае канцэрт ля сьценаў Крамля пад дэвізам «За далучэньне Крыму».