Татары не здаюцца

Дзьве сотні крымскіх татараў стварылі групу самаабароны ў Сімфэропалі.
Паводле актывістаў, іх галоўная задача — папярэдзіць правакацыі і забясьпечыць парадак у крымскай сталіцы ва ўмовах расейскай акупацыі. Татарская самаабарона, якая ёсьць альтэрнатывай узброеным і экіпіраваным прарасейскім падразьдзяленьням, мяркуе дзейнічаць да заканчэньня расейска-украінскага крызісу.

У Сімфэропалі мужчыны патрулююць праблемныя вуліцы, спыняюць падазроных грамадзянаў і транспартныя сродкі. Пры гэтым ніякай зброі ў актывістаў няма.

Шэрагі абаронцаў роднага гораду імкліва пашыраюцца: калі ў першыя дні ў атрадзе значылася меней за паўсотні добраахвотнікаў, то цяпер іх больш за 200. Рашэньне самаабвешчанага ўраду Крыму правесьці 16 сакавіка рэфэрэндум аб далучэньні да Расейскай Фэдэрацыі крымскія татары не падтрымліваюць.