Кіраўнік ААН назваў крымскі рэфэрэндум пасьпешлівасьцю, прынятай на гарачую галаву

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў усіх датычных да рашэньня аб рэфэрэндуме ў Крыме падумаць пра наступствы такіх пасьпешлівых дзеяньняў, прынятых на гарачую галаву, заявіў у пятніцу яго прэс-сакратар Марцін Несіркі.

Неабходна зьвярнуць увагу, што рэфэрэндумы звычайна выразна рэглямэнтаваныя нацыянальным канстытуцыйным правам, і гэтае пытаньне трэба вывучыць беражліва і без эмоцыяў, падкрэсьліў ён.

Паводле словаў сьпікера, генэральны сакратар назваў рашэньне аб рэфэрэндуме трывожным і сур’ёзным.

Вярхоўная Рада Крыму вырашыла у чацьвер далучыць паўвостраў да Расеі і правесьці рэфэрэндум аб зацьвярджэньні гэтага рашэньня 15 сакавіка.

Цяперашняя прарасейская ўлада Крыму, якая дзейнічае пры падтрымцы Расеі і ва ўмовах фактычнай ваеннай акупацыі паўвострава рускімі войскамі, ня ўлічвае тое, што гэтыя рашэньні пярэчаць заканадаўству і Ўкраіны, і крымскай аўтаноміі.