У Маскве гатовыя анэксаваць Крым

Валянціна Мацьвіенка

Сьпікер Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка заявіла, што верхняя палата расейскага парлямэнту падтрымае рашэньне рэфэрэндуму Крыму аб далучэньні да Расеі ў выпадку, калі большасьць жыхароў аўтаноміі выкажацца за гэта.
Пра гэта Мацьвіенка сказала ў пятніцу на сустрэчы ў Маскве з парлямэнцкай дэлегацыяй на чале са старшынёй Вярхоўнага савету Крыму Ўладзімірам Канстанцінавым.

Сьпікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін, у сваю чаргу, пацьвердзіў, што ў Расеі падтрымаюць «свабодны і дэмакратычны выбар насельніцтва Крыму і Севастопаля». А кіраўнік думскага камітэту па справах СНД Леанід Слуцкі дадаў, што Дзярждума можа ў кароткія тэрміны аформіць вынікі рэфэрэндуму ў Крыме.

У чацьвер парлямэнт Крыму прыняў рашэньне аб уваходжаньні аўтаноміі ў склад Расеі і аб пераносе рэфэрэндуму аб пашырэньні правоў рэспублікі на 16 сакавіка. Украінскія ўлады абвясьцілі рэфэрэндум у Крыме незаконным.