У Еўпаторыі расейскія вайскоўцы затрымалі журналістаў

Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскім міністэрстве абароны пацьвердзілі інфармацыю аб тым, што здымачныя групы тэлеканалаў «Аль-Джазіра» і «1+1» апынуліся заблякаванымі ў вайсковай частцы пад Еўпаторыяй (Крым).
Калі журналісты, завяршыўшы здымку, зьбіраліся пакінуць вайсковую частку, каля 150 чалавек перакрылі ім дарогу, паведамляе Бі-бі-сі.

Натоўп запатрабаваў у здымачных груп паказаць адзьнятыя матэрыялы, а таксама пасьведчаньні асобы.

«Людзі, якія сабраліся, сьцьвярджалі, што заходнія СМІ выступаюць супраць Расеі. «Чаму вы кажаце пра вайну. Якая вайна? Украінцы і расейцы – браты», – працытаваў на сваёй старонцы ў «Твітэры» журналіст «Аль-Джазіры» Нік Шыфрын.

У выніку здымачным групам удалося пакінуць вайсковую частку. Тым ня менш, са словаў Шыфрына, натоўп ішоў за імі да ўскраіны гораду, каб пераканацца, што журналісты больш нічога не здымаюць.