Шарамет: «Відавочна, што Пуцін вельмі раззлаваны»

Павал Шарамет

Якія ўражаньні ад сваёй сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі пакінуў Уладзімер Пуцін? Наколькі адэкватна ён ацэньвае сытуацыю і як уяўляе пагрозы і наступствы магчымага расейска-ўкраінскага канфлікту? Ці можна сказаць, што Расея часова адступіла і ў Крыме ня будзе разгортвацца самы трагічны ваенны варыянт? На гэтыя пытаньні адказвае журналіст Павал Шарамет.
— Якое ўражаньне ў вас пакінула прэсавая канфэрэнцыя Пуціна? Ці сталі вам зразумелыя матывы ягоных дзеяньняў? Ці можна прадказаць ягоныянаступныя крокі — у выніку таго, што мы пачулі?

— У мяне супярэчлівыя пачуцьці. Відавочна, што Пуцін вельмі раззлаваны. Ён літаральна ледзь стрымлівае свае нэгатыўныя эмоцыі. Відавочна, што ён не пераносіць Януковіча і вельмі нэгатыўна настроены што да новай украінскай улады. А калі чалавек настолькі раззлаваны, яму цяжка мысьліць адэкватна і канструктыўна.

— Як паведамлялася, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель нібыта сказала па тэлефоне прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму, што яна ня ўпэўненая, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін мае сувязь з рэальнасьцю. Прэсавая канфэрэнцыя Пуціна што-небудзь дадала ў гэтым сэнсе?

— Цалкам відавочна, што веды Ўладзімера Пуціна пра падзеі Ўкраіны скажоныя. Мне здаецца, што ён трапіў у піяраўскую пастку. Цягам некалькі месяцаў у Кіеве працавала вялікая піяраўская фірма, зьвязаная з Крамлём, і ўплывала на асьвятленьне падзеяў ва Ўкраіне расейскімі СМІ. А Пуцін ужо спажываў гэты прадукт.

Мне падаецца, Пуцін зусім не разумее падзеі ва Ўкраіне, акрамя аднаго моманту — ён дакладна ўсьведамляе правал Януковіча. Пуцін разумее эканамічныя падставы пратэсту ва Ўкраіне, але адмаўляецца прызнаваць ідэалягічныя падставы пратэсту. Пуцін разумее, што людзі жывуць бедна і таму ненавідзяць уладу, але баіцца ісьці ў думках далей, бо тады ўзьнікаюць алюзіі з расейскай рэчаіснасьцю.

— Многія ўспрынялі сёньняшнія заявы Пуціна як сьведчаньне таго, што Расея здала назад і ў Крыме ня будзе самага нэгатыўнага ваеннага варыянту.

— Безумоўна, тое, што раніцай 5 сакавіка расейскія войскі ў Крыме не штурмавалі ўкраінскія вайсковыя часткі — гэта быў сыгнал таго, што Расея ня згортвае, але прыпыняе сваю апэрацыю. Зь іншага боку, пры тым, што прамой і шырокай ваеннай агрэсіі найхутчэй ня будзе, гэта не азначае, што Масква адмовіцца ад сваіх нейкіх жорсткіх дзеяньняў у дачыненьні да новай украінскай улады. Мяркую, мы ўбачым «грамадзянскія» выступы пратэсту гэтак званых прарасейскіх сілаў. Таму Кіеву пакуль ня варта расслабляцца.