У Крыме прызямліліся 13 самалётаў Іл-76 з расейскімі дэсантнікамі

ІЛ-76

Пастаянны прадстаўнік Прэзыдэнта Украіны ў Крыме Сяргей Куніцын заяўляе аб прыбыцьці на паўвостраў 13 самалётаў Іл−76 з расейскімі дэсантнікамі.

«13 бартоў з дэсантнікамі садзяцца ў Гвардзейскім, у кожным па 150 чалавек, палічыце», — заявіў ён у эфіры крымскататарскага каналу ATR.

Куніцын лічыць, што на паўвостраве адбываецца ўзброенае ўварваньне Расеі, вайскоўцы кантралююць увесь «зьнешні пэрымэтар». " А падаецца гэта як тое, што, маўляў, насельніцтва ўгневана, яно на вас пойдзе, а мы ахоўваем ад таго, каб не напалі і зброю не захапілі. Мы ж не ў дзіцячым садзе! Разумее, што да сёньняшняга дня не было ніякай пагрозы, ніхто ні на каго не нападаў«, — сказаў ён.

«Тыя, хто задумаў гэтую апэрацыю, пра людзей ня думалі», — падкрэсьліў Куніцын. На яго думку, удзельнікі інтэрвэнцыі чакаюць адказу, каб украінскія вайскоўцы пачалі страляць. Куніцын заклікаў усіх апамятацца, каб гэтае «бразганьне зброяй» ня скончылася трагедыяй.