Кэры: Украіна не выбірае паміж ЗША і Расеяй

Джон Кэры

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што Ўкраіна не зьяўляецца аб’ектам барацьбы паміж Усходам і Захадам.
Ён адзначыў, што ўсе вядучыя краіны павінны імкнуцца сумесна прыўнесьці ва Ўкраіну стабільнасьць.

«Гэта не гульня з нулявой сумай, гэта не Захад супраць Усходу, не Расея супраць Злучаных Штатаў. Галоўнае — гэта ўкраінскі народ, які робіць свой выбар будучага. А мы хочам працаваць з Расеяй і іншымі краінамі, з усімі жадаючымі, каб гэта будучыня ад гэтага часу была мірнай», — цытуе ВВС Кэры.

Новыя ўлады ва Ўкраіне сустракаюць пэўнае непрыманьне на поўдні і ўсходзе краіны, што падтрымліваў пераважна зрынутага прэзыдэнта Януковіча.

Масква выказвала заклапочанасьць інтарэсамі рускамоўнага насельніцтва гэтых рэгіёнаў.

Пры гэтым расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў учора заявіў, што Расея праводзіць у дачыненьні да суседняй краіны палітыку «неўмяшаньня» , і абвінаваціў неназваныя іншыя дзяржавы ў імкненьні атрымаць з крызысу «аднабаковыя перавагі».

Часова выконваючы абавязкі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў прызнаў, што сэпаратызм, асабліва ва ўсходніх абласьцях, уяўляе сур’ёзную пагрозу для краіны.