Ва Ўкраіне пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія

25 лютага ва Ўкраіне стартавала выбарчая кампанія па датэрміновых выбарах прэзыдэнта Ўкраіны.
Такі плян быў прыняты Цэнтрвыбаркамам. Вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты будзе доўжыцца да 30 сакавіка. Кандыдаты могуць быць вылучаны партыямі або шляхам самавылучэньня.

Для рэгістрацыі неабходна ўнесьці заклад у суме 2,5 млн. грн. Апошні тэрмін падачы дакумэнтаў у ЦВК для рэгістрацыі кандыдатаў — 4 красавіка, паведамляе ТСН.

Паводле сьпікера Вярхоўнай рады, выконваючага абавязкі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандра Турчынава, выбары абыдуцца бюджэту ў 2 млрд.грн.

Канстытуцыя Ўкраіны зьмяшчае пералік патрабаваньняў да кандыдатаў:

  • гэта павінен быць грамадзянін Украіны
  • гэты грамадзянін павінен мець права голасу
  • гэты грамадзянін павінен пражываць ва Ўкраіне цягам апошніх 10 гадоў
  • гэта асоба павінна валодаць дзяржаўнай мовай.