У Кіргізіі забаранілі Дзень сьвятога Валянціна. Чаму?

Горад Ош на касьмічным здымку

У кіргіскім горадзе Ош чыноўнікі забаранілі сьвяткаваць у школах Дзень сьвятога Валянціна, які адзначаецца 14 лютага ў многіх краінах сьвету, паведамляе DELFI са спасылкай на 24.kg.
У сувязі з гэтым ва ўсіх 56 школах Оша, які лічыцца паўднёвай сталіцай Кіргізіі, забаронена ставіць паштовыя скрыні для «валянцінак» з нагоды Дня ўсіх закаханых.

«У кіргізаў ў гісторыі такога сьвята не было. Сьвята каханьня дрэнна ўплывае на маральны стан дзяцей», – растлумачыў начальнік гарадзкой управы адукацыі Куштарбек Кімсанаў.

«Іх неакрэплая псыхіка хутка паддаецца ўплыву такіх сьвятаў», – сказаў чыноўнік у камэнтары «Інтэрфаксу». Ён адзначыў, што спробы пераканаць кіргіскіх школьнікаў адмовіцца адзначаць Дзень закаханых рабіліся і ў мінулыя гады, але эфэкту яны не далі. Таму цяпер улады вырашылі проста забараніць яго сьвяткаваць – пад асабістую адказнасьць дырэктараў школ.

У піку «чужому» сьвяту гарадзкі камітэт у справах моладзі пры мэрыі вырашыў правесьці 15 лютага агляд-конкурс сярод маладых на званьне «Найлепшай сям'і». «Гэтым сьвятам мы спрабуем вярнуць сямейныя каштоўнасьці ў наша грамадзтва, – растлумачыў галоўны спэцыяліст камітэту Медэрбэк Абдыманапаў. – А наступствы сьвяткаваньня Дня закаханых, на жаль, сумныя, мы назіраем скалечаныя лёсы нашых многіх зусім яшчэ маладых дзяўчат, нам трэба задумацца над гэтым».