Чаму мой дзед не пайшоў у партызаны, а палічыў за лепшае супрацоўнічаць з гестапа?

Адказваючы на гэтае і іншыя падобныя пытаньні, школьнікі будуць вучыць гісторыю роднай краіны.
Новы адукацыйны праект «Чэхаславаччына 38-89» спалучае ў сабе элемэнты кампутарнай гульні і інтэрактыўнага коміксу. Чэскія школьнікі ў рамках навучальнай гульні змогуць пагутарыць з відавочцамі гістарычных падзей, задаць ім пытаньні і нават зьмяніць хаду гісторыі.

Праект кампутарнай сымуляцыі «Чэхаславаччына 38-89», які ахоплівае адразу некалькі этапаў гісторыі Чэхаславаччыны, праходзіць тэставаньне ў абраных школах краіны. У 2015 годзе ён пачне паўсюдна выкарыстоўвацца ў чэскіх школах.

Стваральнікі праекту – навукоўцы з Карлавага ўнівэрсытэту Віт Шысьлер і Цырыл Бром, натхніліся амэрыканскай гульнёй Revolution, якая ўяўляе сабой займальны курс гісторыі для школьнікаў, і дацкай сэрыяй кампутэрных гульняў Global Conflicts.

«Наша гульня-сымуляцыя заснаваная на сьведчаньнях відавочцаў. Яна прадстаўляе некалькі пэрыядаў чэскай гісторыі з пункту гледжаньня 8-9 сьведак, кожны зь якіх распавядае гульцу сваю асабістую гісторыю. Вучань можа ўбачыць тыя ці іншыя падзеі вачыма некалькіх чалавек, можа задаваць ім пытаньні і фармаваць свой ўласны пункт гледжаньня на тое, што адбываецца. Мы спадзяемся, што такім чынам маладыя людзі змогуць глыбей зразумець палітычны, культурны і сацыяльны кантэкст пэрыяду, які ня так лёгка апісаць», – расказаў Віт Шысьлер у інтэрвію Радыё Прага.

Мэта кожнай асобнай гульні – скласьці з даступных фрагмэнтаў (гэта ня толькі адказы відавочцаў, але і гістарычныя матэрыялы, газэты, радыё- і тэлепраграмы) як мага больш комплексную карціну падзей. У залежнасьці ад таго, якую інфармацыю ўдаецца атрымаць гульцу, ён даведваецца новыя і новыя дэталі гісторыі. Першая частка праекту прысьвечаная Другой сусьветнай вайне, замаху на намесьніка імпэрскага пратэктара Багеміі і Маравіі Рэйнгарда Гэйдрыха і гітлераўскаму тэрору, які пачаўся пасьля гэтага. У аснове сюжэту – гісторыя паштовага службоўца, якога арыштоўвае і дапытвае гестапа і які трапляе ў канцэнтрацыйны лягер Асьвенцім.

«Гісторыя пачынаецца з таго, што вы – хлопчык ці дзяўчынка – зьяўляецеся ўнукам або ўнучкай бабулі, якая зьяжджае са сваёй кватэры, і вы дапамагаеце ёй зьбіраць рэчы. Вы знаходзіце стары радыёпрымач, які хочаце выкінуць, але бабуля супраць. Яна кажа, што слухала яго ў той час, калі дзядулю арыштавала гестапа. І вас адразу пераносіць унутр інтэрактыўнага коміксу, дзе вы сочыце за арыштам дзядулі вачыма бабулі, тады яшчэ маладой жанчыны. Так пачынаецца гульня, якая зводзіць вас з іншымі дзейнымі асобамі», – распавядае Віт Шысьлер.

Гулец сам мае магчымасьць зьмяніць разьвіцьцё сюжэтнай лініі.

«Ёсьць некалькі момантаў, калі вам даюць магчымасьць увайсьці ўнутр апавяданьня і паўплываць на разьвіцьцё сюжэту. У той момант, калі вашага дзеда адводзіць гестапа, у вас ёсьць некалькі сэкунд на тое, каб схаваць улёткі, якія дзед захоўвае ў кватэры. Калі ў вас гэта атрымаецца, сытуацыя будзе разьвівацца пэўным чынам, калі не – усё пойдзе па-іншаму. Пры гэтым вялікая частка падзейнай часткі гульні адбываецца ня ў час вайны, а ў наш час. Гулец мае зносіны з удзельнікамі тых падзей, якім цяпер больш за 80 гадоў, ён сам вырашае, якім чынам і пра што іх спытаць, і ў залежнасьці ад гэтага трапляе ў розныя праслойкі гэтай гісторыі. Калі пытаньні задаюцца без пачуцьця такту, без дастатковай ступені суперажываньня ці разуменьня таго, што адбываецца, відавочцы могуць адмовіцца на іх адказваць».

У рамках кампутарнай сымуляцыі школьнікі змогуць пагутарыць з зусім рознымі людзьмі. Напрыклад, з удзельнікам руху супраціву, які рызыкаваў жыцьцём, змагаючыся з нацызмам, і з журналістам, які супрацоўнічаў з акупацыйным рэжымам. Кожны паспрабуе растлумачыць дзецям, чаму ён абраў такі шлях. Школьнікі павінны самі прааналізаваць атрыманую інфармацыю і сфармаваць сваё стаўленьне да яе.

Пасьля ваенных падзей сымуляцыя заводзіць школьнікаў у пасьляваенную Чэхаславаччыну, дзе вырашаецца пытаньне аб выгнаньні Судэцкіх немцаў і да ўлады прыходзяць камуністы. У кожным з модуляў школьніка чакае сустрэча зь некалькімі відавочцамі падзей, які дакажуць яму, што гісторыя ніколі не бывае чорна-белай.

«За стварэньнем гульні-коміксу стаіць велізарная праца, праведзеная чэскімі гісторыкамі, – кажа Віт Шысьлер. – Нам дапамагаюць калегі-гісторыкі з Інстытуту сучаснай гісторыі Акадэміі навук, Інстытуту вывучэньня таталітарных рэжымаў і дзясяткі настаўнікаў гісторыі зь сярэднеадукацыйных школ, якія даюць нам зваротную сувязь. А канкрэтныя гісторыі нам прадставіла са свайго архіву аб'яднаньне Post Bellum, якое зьбірае ўспаміны ўдзельнікаў Другой сусьветнай вайны».