Ігар Кузьняцоў стварае электронную «Чорную кнігу сталінізму»

Ігар Кузьняцоў

У Беларусі будзе створаная электронная «Чорная кніга сталінізму. Беларусь: злачынствы, тэрор, рэпрэсіі».
«Паколькі кніга ствараецца ў электронным выглядзе, ніякіх абмежаваньняў што да аб’ёму матэрыялаў не прадугледжваецца. Кожны можа падаць матэрыялы, фота, копіі дакумэнтаў пра сваіх сваякоў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў — без усякай цэнзуры і абмежаваньняў», — заявіў Ігар Кузьняцоў, кіраўнік беларускага аддзяленьня міжнароднага гісторыка-асьветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мэмарыял».

Кніга будзе складацца зь дзьвюх частак. Першая будзе ахопліваць пэрыяд з 1929 па 1953 год. Далей будуць разгледжаны падзеі з 1917-га па 1928 гады, пасьляваенныя і «тое, што характэрна для сучаснай Беларусі, — гісторыя рэпрэсій у нас, на жаль, ня скончылася».

Як сказаў кіраўнік беларускага «Мемарыялу», у кнізе будзе тры прадмовы — францускага гісторыка Нікаля Вэрта і беларуса Аляксандра Грыцанава, вядомага сваімі дасьледаваньнямі прыроды таталітарызму і аўтарытарызму. Аўтар трэцяй прадмовы пакуль ня вызначаны. Сярод аўтараў кнігі Кузьняцоў назваў Тацяну Процьку, Аляксандра Ўрублеўскага, Радзіма Гарэцкага, Ірыну Раманаву, Ніну Стужынскую, Леаніда Маракова, Леаніла Лыча ды іншых, перадае БелаПАН.