ЗША адкрытыя да дыялёгу зь Беларусьсю па правах чалавека

З такой заявай выступілі ў амбасадзе ЗША ў Менску з нагоды публікацыі дакладу, падрыхтаванага МЗС Беларусі, пад назвай «Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэньня правоў чалавека ў асобных краінах сьвету ў 2013 годзе».
Злучаныя Штаты Амэрыкі заўсёды адкрытыя да дыялёгу зь Беларусьсю па сытуацыі з правамі чалавека. Так пракамэнтавалі БелаПАН у амбасадзе ЗША ў Менску справаздачу МЗС Беларусі:

«Мы таксама гатовыя абмяркоўваць зь беларускімі ўладамі нашу справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў той частцы, якая тычыцца Беларусі».

У падрыхтаваным МЗС Беларусі дакладзе адзначаецца, што ў ЗША парушаецца права грамадзян на абарону ад адвольнага замаху на тайну карэспандэнцыі:

«На працягу году найбольшы рэзананс набылі паведамленьні ў сусьветных СМІ пра дзейнасьць Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША па татальным сачэньні, кібэратацы і адвольным замаху на таямніцу карэспандэнцыі лідэраў замежных дзяржаў, замежных грамадзян і грамадзян ЗША. Матэрыялы апублікаваныя на аснове дакумэнтаў, рассакрэчаных былым супрацоўнікам Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня і Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдвардам Сноўдэнам».

Апрача таго паводле беларускага МЗС, улады ЗША парушаюць права на жыцьцё і абарону ад катаваньняў, сьцьвярджаецца ў дакладзе:

«Адміністрацыя ЗША працягвае выкарыстаньне бесьпілётных лятальных апаратаў у краінах, у якіх не вядуцца прызнаныя міжнародных супольнасьцю ваенныя дзеяньні. У ходзе ваенных апэрацыяў у пазасудовым парадку ажыцьцяўляюцца „мэтавыя забойствы“, пры гэтым зьвесткі пра крытэры прыняцьця рашэньня аб забойстве той ці іншай асобы, пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва не даюцца».