Яраслаў Лыскавец: Працую ў беларускамоўным выданьні

Аўтар Павел Берасьнеў

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.
Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?




1. Мову больш-менш добра ведаў зь дзяцінства, бо бацькі часьцяком на ёй размаўлялі, бацька дарыў мне беларускамоўныя кнігі. Сам актыўна мовай пачаў карыстацца ва ўнівэрсытэце, на журфаку БДУ. А пасьля – на працы, бо працую ў беларускамоўным выданьні.

2. Карыстаюся ў зносінах зь беларускамоўнымі сябрамі і калегамі, з бацькамі і родзічамі.

3. Хутчэй за ўсё, мова толькі дапамагае адчуваць сябе беларусам, не магу сказаць, што ў жыцьцёвых сытуацыях яна мне дапамагала. А вось на працы мяне трымаюць, верагодна, у першую чаргу з-за адносна нядрэннага па сучасных мерках веданьня мовы.

4. Цяжкасьці спачатку здараліся на працы, калі прынцыпова карыстаўся мовай падчас інтэрвію, зносінаў зь іншымі людзьмі. Бо многія беларускія чыноўнікі ня ведаюць мовы, а некаторыя нават дрэнна ставяцца да тых, хто на ёй размаўляе.

5. Пажадаць магу толькі посьпехаў і плённай працы на карысьць Беларусі. А прапаноў у мяне няма, усё падабаецца, радыё застаецца тым, чым было раней і павінна быць заўжды.