Экс-амбасадар Браян Бэнэт узначаліў Англа-Беларускае таварыства

Your browser doesn’t support HTML5

Ангелец беларусу таварыш

Шматгадовага кіраўніка Англа-Беларускага таварыства Джэймса Дынглі зьмяніў былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Менску Браян Бэнэт.
Чарговы сход Англа-Беларускага таварыства прайшоў у Лёндане, у будынку беларускай каталіцкай місіі (Marian House — Дом Марыянаў).

Грамадзкая арганізацыя, створаная ў 1954 годзе, аб’ядноўвае жыхароў Вялікай Брытаніі, якія цікавяцца Беларусьсю, жадаюць зь ёй супрацоўнічаць, папулярызаваць беларускую культуру ў Вялікай Брытаніі.

Папярэдні старшыня арганізацыі — вядомы беларусіст, перакладчык Джэймс Дынглі. У працы таварыства ён удзельнічае ўжо паўстагодзьдзя і двойчы ў розныя гады быў яго старшынём. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што вельмі хацеў бы прывезьці ў Англію гурт «Троіца», але на гэта нестае грошай. Паводле ягоных слоў, беларуская амбасада ў Лёндане ня надта дапамагае наладжваць культурныя сувязі:

«Я сустракаўся і з папярэднімі амбасадарамі, і зь сёньняшнім амбасадарам Сяргеем Алейнікам. Кантакты ёсьць. Але няма ніякіх вынікаў з тых кантактаў».

Сход абраў новым старшынём Англа-Беларускага таварыства Браяна Бэнэта, амбасадара Злучанага Каралеўства ў Беларусі ў 2003–2007 гадах. Сябры таварыства спадзяюцца, што ягоны дыпляматычны досьвед дапаможа больш актыўна набліжаць Беларусь да брытанцаў.

«Я спадзяюся, што люблю Беларусь ня менш за папярэдняга старшыню спадара Дынглі. І жадаю падбадзёрваць Англа-Беларускае таварыства рухацца наперад», — заявіў спадар Бэнэт пасьля абраньня.

У бліжэйшых плянах АБТ — адзначэньне гадавіны паўстаньня Каліноўскага і канцэрт дударскай музыкі. Зь беларускімі дударамі на адным канцэрце жадаюць зьвесьці знакамітых на ўвесь сьвет шатляндзкіх.

Сярод сяброў Англа-Беларускага таварыства — і этнічны кітаец Рафаэль Цзыўай, малады архітэктар, аўтар праекту беларускай уніяцкай царквы ў Лёндане.

«Я зачараваны Беларусяй. Гэта надзвычайна цікавая краіна, і яе вельмі мала разумеюць на Захадзе. Дагэтуль многія думаюць, што гэта нейкая частка Расеі — а гэта ж зусім ня так».

Каб стварыць праект царквы, Рафаэль мусіў добра вывучыць гісторыю й культуру Беларусі, бо хацеў стварыць менавіта беларускую царкву.

«Толькі я прашу, — папярэджвае Рафаэль, — цяпер часта гэты праект зьвязваецца з маім імем, нібыта я адзін усё прыдумаў. А гэта ня так, вынік быў бы немагчымы без дапамогі айца Сяргея з Дому Марыянаў, гісторыка, а цяпер брытанскага юрыста Міколы Пачкаева і вядомай дасьледчыцы й тэоляга Ірыны Дубянецкай, па сумяшчальніцтве — маёй хроснай маці».

Айцец Аляксандар Надсан паказвае макет будучай царквы