У Кіеве пратэстоўцы ідуць да Вярхоўнай Рады

Як заявіў у інтэрвію 5 каналу камэндант Эўрамайдану дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Андрэй Парубій, сёньня пратэстоўцы зьбіраюцца пікетаваць Вярхоўную Раду.
Сваю акцыю палітык зьвязвае з тым, што парлямэнт адкладвае разгляд пытаньня аб вяртаньні Канстытуцыі Ўкраіны 2004 года, якая прадугледжвае парлямэнцка-прэзыдэнцкае кіраваньне.

"Удзельнікі пратэстаў ва Ўкраіне хочуць нагадаць дэпутатам, што чакаюць ад іх не пустых размоваў, а канкрэтных рашэньняў«,— сказаў Парубій.

Маршрут удзельнікаў пратэстаў пройдзе вакол урадавага кварталу ў Кіеве.

Вярхоўная Рада ахоўваецца ўзмоцненымі атрадамі Ўнутраных войск і «Беркута», раней спроба пікетаваць Вярхоўную Раду справакавала крывавыя сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй і ўнутранымі войскамі.

Паседжаньне Вярхоўнай Рады мае аднавіцца а 10-й гадзіне кіеўскага часу.