Для аленяў «халодная вайна» яшчэ ня скончылася

Шумаўскі чырвоны алень

Амаль чвэрць стагодзьдзя пасьля заканчэньня «халоднай вайны» алені, якія бадзяюцца па гарах каля колішняй мяжы паміж былой Заходняй Нямеччынай і Чэхаславаччынай, асьцерагаюцца пераходзіць лінію, якая некалі разьдзяляла дзьве варожыя палітычныя сыстэмы.

Калючы дрот, электрычныя платы, вартавыя вышкі і ўзброеныя ахоўнікі, якія некалі ўтваралі «жалезную заслону» на чэска-нямецкім памежжы – даўно зьніклі, але для аленяў гэтая колішняя мяжа ў гарах пад назвай Шумава засталася ў іх зьвярынай памяці.

Гэты асаблівы навык з часоў «халоднай вайны» чэскія і нямецкія навукоўцы заўважылі, калі злучылі два нацыянальныя паркі на даўнім памежжы ў Шумаве і стварылі супольны, чэска-нямецкі запаведнік прыроды.

Выкарыстоўваючы адмысловыя нашыйнікі і спадарожнікавую сыстэму GPS, чэскія заолягі, у супрацоўніцтве зь нямецкімі калегамі, правялі ў 2005-2011 гады маніторынг расьсяленьня аленяў па абодва бакі ад колішняй мяжы.

Кіраўнік чэскай групы дасьледнікаў Павал Шустр сказаў нашаму радыё, што міграцыйныя звычкі прыблізна 1800 аленяў, за якімі назіралі ў Шумаве, мала адрозьніваюцца ад тых, якіх датрымліваліся іх продкі некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.

«Летась болей жывёлаў перасеклі мяжу, чым у папярэднім годзе, але тэндэнцыя, ці зьмена, досыць павольная з-за традыцыйных паводзін аленяў. Малады алень падчас першага году жыцьця ходзіць выключна за маці, і маці вучыць яго адчуваньню тэрыторыі. Такім чынам, у большай ці меншай ступені, паводзіны маці вызначаюць арэал, па якім перамяшчаюцца алені ў наступныя гады» – адзначыў Шустр.