Мікалай Дземідзенка: «Я падтрымліваю выбар Насты»

Мікола Дземідзенка

Мікалай Дземідзенка, актывіст Маладога Фронту, камэнтуе рашэньне Насты Дашкевіч супрацоўнічаць з грамадзкім рухам «Гавары праўду»:
Мікалай Дземідзенка: «Я ня бачу праблемы ў тым, што Наста пераходзіць у „Гавары праўду“. У мяне гэта не выклікае ніякіх негатыўных эмоцыяў, якія я ўжо пабачыў у фэйсбуку.

Я не разумею актыўнасьці з гэтай нагоды людзей, якія пішуць там свае камэнтары, улічваючы, што іхнай публічнай актыўнасьці ў палітычнай і грамадзкай сфэры я наагул ня бачу.

Наста сама можа выбіраць і выказваць сваю грамадзкую пазыцыю. Канечне, для мяне асабіста такі варыянт непрымальны, але Насьцін выбар я падтрымліваю».

Наста Дашкевіч прыйшла ў Малады Фронт у 2004 годзе, калі ёй было 14. У 2007-м была асуджаная паводле артыкула 193.1.1. за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Неаднаразова затрымлівалася за ўдзел у акцыях МФ.

У 2011 годзе была асуджаная на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на адзін год паводле падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Падчас сьледзтва два месяцы правяла ў СІЗА КДБ.

У 2011 годзе атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць.

Жонка палітычнага дзеяча Зьмітра Дашкевіча.