Украінская апазыцыя выказалася за працяг перамоваў з уладай

Апазіцыйныя актывісты ў будынку Мінюсту

Пратэстоўцы вызвалілі адзін з будынкаў Мінюсту Ўкраіны, захоплены мінулай ноччу.
Апазыцыя гатовая працягнуць перамовы для прадухіленьня далейшай эскаляцыі і кровапраліцьця, ўрэгуляваньня крызісу, захаваньня адзінства краіны, заявіў Штаб нацыянальнага супраціву.

У заяве адзначана, што такое рашэньне ўхваленае, «нягледзячы на курс уладаў на зрыў перамоваў і ўвядзеньне надзвычайнага становішча».

У Штабе падкрэсьлілі, што за апошнія суткі Майдан ў цэлым выконвае замірэньне і зацішша, але «цярпеньне разгневаных глухатой ўлады людзей можа перапыніцца ў любы момант», паведамляе «Інтэрфакс».

Разам з тым у заяве адзначаецца, што ўлада спрабуе сарваць перамовы шляхам абвінавачваньня апазыцыі ў захопе будынкаў Міністэрства юстыцыі.

«На дадзены момант у памяшканьні Міністэрства пратэстоўцы адсутнічаюць», — падкрэсьлілі ў Штабе.

У заяве адзначаецца, што на працягу апошніх сутак «праваахоўнікі сумесна з арганізаванымі бандфармаваньнямі-„цітушкамі“ з ужываньнем грубай сілы і зброі разагналі мірныя пратэсты грамадзян у Запарожжы, Днепрапятроўску, Чаркасах, Сумах»:

«Колькасьць пацярпелых складае сотні асоб. Так званыя праваахоўныя органы сумеснымі намаганьнямі з бандытамі працягваюць выкрадаць людзей .... Працягваюцца незаконныя масавыя арышты, аблавы, захопы закладнікаў. Не спыняецца перасьлед журналістаў і перашкода іх прафэсійнай дзейнасьці» , — падкрэсьлілі ў Штабе нацыянальнага супраціву.

Раней міністар юстыцыі Ўкраіны Алена Лукаш запатрабавала вызваліць будынак Міністэрства юстыцыі, захопленага актывістамі «Агульная справа», папярэдзіўшы пра магчымасьць увядзеньня надзвычайнага становішча.