Вада на Марсе прыдатная для жыцьця

Марсаход Opportunity выявіў у кратэры Індэвар на экватары Марса сьляды вады, хімічны склад і тэмпэратура якой былі прыдатнымі для зараджэньня і падтрыманьня жыцьця прыкладна 3,7 мільярда гадоў таму, у першыя эпохі жыцьця Чырвонай плянэты, гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Science.

Марсаход Curiosity ў сакавіку мінулага году атрымаў доказы таго, што Марс у старажытнасьці быў прыдатны для жыцьця – так, яго вада была амаль што прэснай і нэўтральнай. У чэрвені НАСА абвясьціла аб атрыманьні аналягічных вынікаў пры дапамозе прылад аднаго з папярэдніх марсаходаў, Opportunity, аднак падрыхтоўка артыкула да публікацыі заняла некалькі месяцаў.

У гэтым артыкуле Раймон Арвідсан з унівэрсытэту Вашынгтона ў Сэнт-Луісе (ЗША) і яго калегі высьветлілі, што кратэр Індэвар «затапляўся» вадой не адзін, а два разы, і што хімічны склад, тэмпэратура і іншыя ўласьцівасьці гэтых вод прыкметна адрозьніваліся. Так, верхні пласт адкладаў глін у гэтым кратэры цалкам адпавядаў ранейшым уяўленьням аб хіміі вады на Марсе – яны ўтварыліся ў вельмі кіслай і насычанай мінэраламі вадзе, не прыдатнай для зараджэньня жыцьця.

Калі марсаход «зазірнуў» глыбей, то яму ўдалося знайсьці на кромцы Індэвара, на ўзгорку Маціевіча, адклады больш старажытнай гліны, чый хімічны склад быў радыкальна іншым. Мяркуючы па высокіх долях жалеза і алюмінію, гэтыя пароды фармаваліся на дне вадаёма з адносна нізкай кіслотнасьцю або нават нэўтральным pH, што павінна спрыяць зараджэньню жыцьця.

Па разьліках аўтараў артыкула, гэтыя пароды сфармаваліся яшчэ да таго, як паўстаў сам кратэр Індэвар, і былі пахаваныя пад пластом парод, выкінутых пры сутыкненьні астэроіда з паверхняй Марса. Новы пласт гліны і абломкі схавалі большую частку старажытных адкладаў, што прымушала нас доўгі час лічыць, абапіраючыся на спадарожнікавыя дадзеныя, што вада Марса не была прыдатная да жыцьця, робяць выснову аўтары артыкула.