Герой Савецкага Саюзу стаў паслом Чэхіі ў Маскве

Уладзімер Рэмэк

Уладзімер Рэмэк, першы і апошні чэхаславацкі касманаўт, сёньня перадаў даверчыя граматы Ўладзімеру Пуціну.
Рэмэк, які за свой палёт стаў Героем Савецкага Саюзу, мае багатыя кантакты ў Расеі. Раней ён працаваў у пасольстве ў якасьці эканамічнага дарадцы. Месца чэскага пасла ў Расеі заставалася вакантным больш за год. Прага прыклала намаганьні, каб пасол там зьявіўся прынамсі да пачатку Алімпійскіх гульняў у Сочы.

Адметна і тое, што дата афіцыяльнага прыёму пасла супала з 45-й гадавінай самаспаленьня чэскага студэнта Яна Палаха. 16 студзеня 1969 году ён падпаліў сябе на Вацлаўскай плошчы на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі, зь якой зьмірыліся яго суайчыньнікі.