Ужо сёньня 13 студзеня: двое моўных курсаў у Менску, дзень абаронцаў свабоды ў Літве

Падзеі ў Беларусі, сьвеце і гісторыі.
У менскім офісе Партыі БНФ пройдзе канфэрэнцыя «Права выбару» сябраў Каардынацыйнай рады кампаніі назіраньня за выбарамі ў мясцовыя саветы.
Пачатак а 12-й.

У прасторы ЦЭХ аднаўляюць заняткі бясплатныя моўныя курсы «Мова ці кава». На сустрэчы пойдзе гутарка пра беларускую мову ў сфэры грамадзкага харчаваньня. Уваход вольны. Пачатак а 19-й.

У галерэі сучаснага мастацтва Ў адкрыецца праект «Мова нанова». Яго вядучыя Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка. Пачатак а 19-й.

У Парыжы сустрэнуцца расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў і Дзяржсакратар ЗША Джон Керы, каб абмеркаваць сытуацыю вакол Ірану і Сырыі. Заплянаваная таксама і трохбаковая сустрэча са спэцпрадстаўніком Лігі арабскіх дзяржаў і ААН па Сырыі Лахдарам Брахімі.

У Страсбуры адкрыецца пленарнае пасяджэньне Эўрапарлямэнту. Сярод тэмаў парадку дня — праблемы Сэрбіі і Косава.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1660 — Маскоўскае войска князя Хаванскага захапіла Берасьце.

1913 — выйшаў першы нумар газэты «Беларус» (выдавалася ў Вільні да 12 жніўня 1915 г.)

1948 — У Менску савецкімі спэцслужбамі забіты Саламон Міхоэлс, тэатральны актор, старшыня Габрэйскага антыфашыстоўскага камітэту.



1991 — савецкія войскі ўзялі штурмам будынак тэлецэнтру ў Вільні; гэты дзень адзначаецца ў Літве як Дзень абаронцаў свабоды


У гэты дзень нарадзіліся:

1893 — Хаім Суцін, францускі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжаньня



1927 — Ірына Быкава, жонка пісьменьніка Васіля Быкава, публікатар ягонай літаратурнай спадчыны.

1938 — Васіль Гроднікаў, журналіст, пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі». Быў знойдзены мёртвым 18 кастрычніка 2005 году у сваёй хаце. Незалежныя журналісты мяркуюць, што магчымае забойства журналіста магло быць зьвязана зь яго тагачаснай працай над матэрыялам, прысьвечаным кватэрным махінацыям у Маладэчне, «Кідалы-3» — працягам сэрыі публікацыяў, дзе ўзгадаваліся супрацоўнікі КДБ і МУС.

1940 —Міхаіл Марыніч, беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч.

1961 — Генадзь Сагановіч, беларускі гісторык, археоляг

1972 — Віталь Шчэрба, беларускі спартовец, гімнаст, алімпійскі чэмпіён


У гэты дзень памерлі:

1593 — Сымон Будны, беларускі асьветнік, філёзаф, гісторык, паэт, дзеяч рэфармацыі

1885 — Іван Хруцкі, беларускі, польскі і расейскі мастак-партрэтыст


Ёсьць нагода:

Другая куцьця напярэдадні старога Новага года, Шчадрэц, калядаваньне.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

На нова лета
Хай родзіцца жыта.
Шчодры вечар, багаты вечар!
Жыта, пшаніца,
Усякая пашніца!
Жадаем табе,
Слаўны гаспадару,
Піва варыці,
Сынкоў жаніці,
Пасаг збіраці,
Дочак выдаваці.
Залезь на баляску,
Дастань каўбаску,
Стань на драбункі,
Дастань саланінку,
Кошычак маку
Да таго прысмаку.
Шчодры вечар, багаты вечар!

Песьня —шчадроўка, запісаная Р. Шырмам у 1928-м годзе ў Пружанах ад Ганны Дудзейкі.