У акруговых камісіях Гарадзеншчыны на 660 чалавек — адзін апазыцыянэр

Ілюстрацыя да конкурсу «Ў кожнага свае выбары»

У Горадні зацьверджаны склад шасьцідзесяці акруговых камісіяў для будучых выбараў у мясцовыя саветы. У іх шэсьцьсот шэсьцьдзесят чалавек. За ўсіх сябраў камісій было прагаласавана «сьпісам», прозьвішчы не агучваліся.

У камісіях прадстаўнікі прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў, сябры КПБ, адзін — зь лібэральна-дэмакратычнай партыі. З апазыцыйных партыяў толькі «Справядлівы сьвет» прапанаваў сваіх людзей, з васямнаццаці чалавек уключылі аднаго.

На сумесным пасяджэньні прэзыдыюму абласнога Савету і аблвыканкаму сёньня ў якасьці назіральніка прысутнічаў прадстаўнік БХК Раман Юргель. Па яго словах, працэдура зацьвярджэньня акруговых камісій заняла пятнаццаць хвілінаў.