Пачобут, Яроменак, Новікава і Свабодны тэатар — ляўрэаты прэміі імя Івашкевіча

Беларускі свабодны тэатар

Сайт charter97.org аб’явіў ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2013.

Хартыя’97 вырашыла прысьвяціць Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека памяці аднаго зь лідэраў беларускага адраджэньня Віктара Івашкевіча. Віктар Івашкевіч быў адным з ініцыятараў і сябрам аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

Сёлетнімі ляўрэатамі прэміі сталі Андрэй Пачобут, Уладзімір Яроменак, Беларускі Свабодны тэатар і Тацяна Новікава

Андрэй Пачобут

У абгрунтаваньні ўзнагароды для Андрэя Пачобута гаворыцца:

«Ляўрэат прэміі «За асабістую мужнасьць». Журналіст, верны прафэсіі, а таксама адзін зь лідэраў перасьледаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. Нягледзячы на ціск, крымінальныя справы і турмы ён называе рэчы сваімі імёнамі, піша артыкулы, адкрыта крытыкуе ўлады, не замоўчвае тое, пра што трэба крычаць на ўвесь сьвет.

Уладзь Яроменак

Паводле арганізатараў прэміі, «лёс Уладзіміра Яроменка — страшная тэндэнцыя сёньняшняга часу. У турмах па-ранейшаму працягваюць утрымлівацца палітвязьні , арыштаваныя падчас і пасьля выбарчай кампаніі 2010 года, аднак тыя вязьні сумленьня, якія выходзяць на волю, арыштоўваюцца па другім коле. Кожны з былых палітвязьняў знаходзіцца пад татальным кантролем уладаў.

Беларускі Свабодны тэатар атрымлівае прэмію "За сьмеласьць у творчасьці". Паводле арганізатараў, кожны спэктакаль тэатру ў Менску спалучаны зь вялікай рызыкай. Супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў урываюцца практычна на кожную пастаноўку, затрымліваючы і актораў і гледачоў. У гэтым годзе тэатар застаўся без памяшканьня. Улады забаранілі трупе ставіць спэктаклі нават у прыватным доме ў адным з раёнаў Менску. Але сьмелыя артысты, рызыкуючы свабодай, працягваюць граць спэктаклі на розных пляцоўках, а таксама праводзяць пэрфомансы на вуліцах сталіцы».

Тацяна Новікава

Эколяг Тацяна Новікава разам з калегамі пасьлядоўна змагаецца супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

«Пратэстуючы супраць шматлікіх парушэньняў пры ўзьвядзеньні АЭС, экаабаронцы сёньня выйшлі на перадавую і падпадаюць пад рэпрэсіі разам з палітычнай апазыцыяй. За сваю дзейнасьць Тацяна Новікава падпадала пад арышт і ціск. Сёньня яна змагаецца за тое, каб беларусы мелі праўдзівую інфармацыю аб экалягічна небясьпечных праектах улады і маглі ўплываць на прыняцьце важных для краіны рашэньняў»

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязьні Алесь Бяляцкі , Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы, старшыня камітэту парафіі сьвятога Язэпа ў г. Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зьніклых у Беларусі лідэраў апазыцыі, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазыцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб’яднаньне «Пагоня», музычныя гурты «Ляпіс Трубяцкі» і яе лідэр Сяргей Міхалок, NRM, Новае неба, закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва ды іншыя вядомыя грамадзкія дзеячы, палітыкі, журналісты.