Год Украіны, беларускай мовы і палітычных расчараваньняў

Аляксей Марачкін

Свабода папрасіла выказацца некаторых беларускіх дзеячоў культуры і мастацтва пра вынікі 2013 году — свае асабістыя і грамадзкія, а таксама пра пляны і спадзевы на 2014 год.
Мастак Аляксей Марачкін у 2013 годзе стаў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і лічыць гэты факт самым значным у сваім жыцьці за гэты год. Наяўнасьць у Беларусі палітычных зьняволеных Аляксей Марачкін лічыць дастатковай падставай для таго, каб сьцьвярджаць, што ў грамадзка-палітычным пляне мінулы год прынёс толькі расчараваньне:

«Думалася на лепшае, каб палепшала ў гэтым годзе. Але, на жаль, з пункту гледжаньня таго стану, у якім знаходзіцца грамадзтва, атрымалася поўнае расчараваньне. Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, іншыя палітвязьні сядзяць у турме, шмат было кароткатэрміновых арыштаў актывістаў. Мала радасьці было ў 2013 годзе. Праўда, некаторыя выйшлі з-за кратаў. Але ж, па вялікім рахунку, гэта не прарыў, а вяртаньне да нармальнага стану рэчаў. Ёсьць нешта і добрае, але гэтае добрае — больш засмучонае. Што тычыцца мяне асабіста, то гэты год адзначаецца тым, што нядаўна я папоўніў шэрагі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, творчага аб’яднаньня, якое я глыбока паважаю і лічу сваё сяброўства ў ім вялікім гонарам.

Што тычыцца 2014 году, то я хачу сустрэць на волі Алеся Бяляцкага і Міколу Статкевіча, а таксама ўсіх іншых палітычных зьняволеных. Гэта самае галоўнае. А таксама хачу, каб краіна годна адзначыла Дзень Волі 25 сакавіка. Гэта вельмі важна, асабліва калі дзяржава ўсё аддае, каб правесьці чэмпіянат сьвету па хакеі».


Усевалад Сьцебурака, фота Ганны Бабіцкай

Паэт і шоўмэн Усевалад Сьцебурака адзначае, што ў краіне значных зьменаў не адбылося, і не прагназуе іх на наступны 2014 год. Адыходзячы 2013-ты запомніцца Ўсеваладу, бадай, толькі падзеямі ў асабістым жыцьці:

«Для мяне асабіста такія вынікі году: я пачаў працаваць як памочнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, я пабраўся шлюбам улетку гэтага году, а яшчэ выдаў другую кнігу „Бег па самаадчуваньні“. Гэта прыватна-асабістыя справы. У краіне ніякіх радыкальных зьменаў не адбылося, як і нечага выразнага, вартага адзначэньня. Гэты год нам запомніцца хутчэй украінскім Майданам, чым нечым сваім.

Складана гаварыць пра спадзевы і перасьцярогі для нашай краіны. Спалох Расеі перад Украінай быў такі моцны, што і Беларусь пад шумок атрымала свае два мільярды крэдыту. Таму я думаю, што ў эканамічным пляне наступны год ня будзе прынцыпова горшы за 2013-ты. Яшчэ 2014 год — гэта хакей. Шмат цікавага пабачым у зьвязку з чэмпіянатам. Я думаю, што гістэрыка дасягне апагея акурат пад гэтую справу. А там ужо будзем размаўляць пра выбары, можа, гэтая тэма грамадзтва нейкім чынам расштурхае. Нейкіх асаблівых перасьцярогаў няма, бо грамадзтва вельмі моцна закансэрваванае і наўрад ці 2014-ты стане нейкім асаблівым».


Паліна Паланейчык

Салістка гурту «Паліна Рэспубліка» Паліна Паланейчык перакананая — пасьля пакарэньня ў 2013 годзе Ўкраіны творчы калектыў зробіць унёсак у справу пацяпленьня клімату ў сфэры беларускай культуры:

«Для мяне як для творчай асобы гэта быў год Украіны. І ня толькі выключна праз падзеі, якія адбываліся на Майдане. Я з гуртам у гэтым годзе некалькі разоў езьдзіла ва Ўкраіну. Пачыналася з маленечкага канцэрту, пасьля быў вялікі фэст. Для гурту вельмі важна, што наша аўдыторыя значна пашырылася ў гэтай краіне. А для мяне асабіста гэта вельмі моцна зьмяніла ўспрыняцьце беларускай культуры і мовы. Таму што вельмі прыемна, калі тое, што ў цябе ёсьць, ты можаш аддаць тым людзям, якім гэта цікава. А цікавяцца беларускай культурай ня толькі на тэрыторыі нашай краіны.

Пляны на 2014 год у нас, як гэта і павінна быць, грандыёзныя. Што атрымаецца, я ня ведаю. Загадваць не люблю. Вельмі хочацца верыць і нават з упэўненасьцю казаць пра тое, што адбудзецца пацяпленьне ў дачыненьнях беларусаў зь беларускай культурай. І што з кожным годам гэтае пацяпленьне будзе ўсё больш глябальным, і гэта не зашкодзіць агульнасусьветнаму клімату».