Ізраіль быў абстраляны ракетамі з боку Лібану

Ілюстрацыйнае фота

Дзьве ракеты былі выпушчаныя сёньня з тэрыторыі Лібану ў напрамку Ізраілю.

Як паведамілі ізраільскія вайскоўцы, ніхто не пацярпеў, разбурэньняў няма. Таксама, паводле іх словаў, быў адкрыты зваротны артылерыйскі агонь па меркаваным месцы абстрэлу.

Становішча на мяжы дзьвюх краінаў абвастрылася ў гэтым месяцы пасьля гібелі ізраільскага жаўнера, застрэленага снайпэрам лібанскай арміі. Тады камандаваньне міратворчымі сіламі ААН заклікала бакі да стрыманасьці, адзначае Reuters.

Пасьля працяглага ўзброенага канфлікту паміж Ізраілем і лібанскай шыіцкай групоўкай «Хізбала» ў 2006 годзе сытуацыя на лібана-ізраільскай мяжы збольшага заставалася спакойнай.