Прадпрымальнік: Чыноўнікі ня лічаць нас грамадзянамі краіны

29 лістапада ў рэжыме відэаканфэрэнцыі адбылося паседжаньне прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных ведамстваў і кансультацыйнага камітэту тэхнічнага рэгуляваньня Эўразійскай эканамічнай камісіі.
Сярод іншага абмяркоўвалася, як дзейнічаць ва ўмовах патрабаваньняў Тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу беларускім прадпрымальнікам — як аказалася, у расейскіх і казахстанскіх бізнэсоўцаў праблемаў з сваімі ўрадамі не існуе.

Вынікі паседжаньня мы папрасілі пракамэнтаваць аднаго з кіраўнікоў аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Вячаслава Піліпука:

— Мы і не сумняваліся, што Дзяржстандарт Беларусі вядзе працу на ўдасканаленьне тэхрэглямэнту Мытнага саюзу па прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Гэта іх наўпроставы абавязак. Аднак у беларускіх прадпрымальнікаў ёсьць прэтэнзіі да ведамства: у сваіх распрацоўках і заўвагах яно не адстойвае нашы правы перад урадам. Згодна з рэглямэнтам, мы зьяўляемся спажыўцамі прадукцыі і не абавязаныя рабіць сэртыфікаты. Сэртыфікаты і дэклярацыі мусяць рабіць вытворцы і імпартэры прадукцыі, якія ўвозяць тавар на тэрыторыю Мытнага саюзу.

Яшчэ адна прэтэнзія да афіцыйных установаў, якія прадстаўляюць Беларусь у Мытным саюзе, — ніхто не зьвяртае ўвагу на тое, што на тэрыторыі Расеі не выконваюцца тры базавыя пагадненьні, падпісаныя краінамі-ўдзельніцамі. Гэта пагадненьне аб адзіных прынцыпах і правілах тэхнічнага рэгуляваньня; пагадненьне аб абароце прадукцыі, якая падлягае абавязковай ацэнцы адпаведнасьці на мытнай тэрыторыі; пагадненьне аб узаемным прызнаньні акрэдытацыі органаў па сэртыфікацыі і выпрабавальных цэнтраў.

А менавіта выкананьне гэтых базавых пагадненьняў дае аснову для ўвядзеньня тэхнічнага рэглямэнту па прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Складваецца ўражаньне, што дзяржаўныя чыноўнікі не ўспрымаюць прадпрымальнікаў як кляс, а магчыма, ня бачаць у іх нават грамадзянаў Беларусі. Пастаянныя канфлікты паміж уладай і прадпрымальнікамі — гэтаму пацьверджаньне, што вельмі прыкра. Гэта прыводзіць да ўзьнікненьня сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве і, як вынік, аслабленьня адзінства ў беларускім асяродку. Хоць, здавалася б, працаваць на карысьць грамадзтва — асноўная задача, якая ставіцца перад дзяржаўнымі службоўцамі. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі яны правільна разумеюць сваю ролю — «слугаў народа».

Яшчэ раней чыноўнікі заяўлялі, што прынятае рашэньне ад 1 сьнежня забараніць прадпрымальнікам, якія плацяць адзіны падатак, карыстацца пакуль яшчэ дзейнай ільготай — спрошчаным парадкам пацьверджаньня адпаведнасьці прадукцыі патрабаваньням тэхрэглямэнту Мытнага саюзу. Гэта пры тым, што ад пачатку льготны рэжым мусіў дзейнічаць да 1 ліпеня наступнага году. Тым ня меней, паводле віцэ-прэм’ера Пятра Пракаповіча, ужо ад заўтрашняга дня будзе забаронена прадаваць тавар, які ня мае дакумэнтальнага пацьверджаньня свайго паходжаньня.