Цімашэнка заклікала падпісаць пагадненьне з Эўразьвязам

Юлія Цімашэнка заклікала лідэраў Эўразьвяза падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Украінай, не патрабуючы яе вызваленьня.
Цімашэнка адзначыла, што для Ўкраіны падпісаньне пагадненьня зьяўляецца выздараўленьнем і дакладным шляхам.

«Гэта своеасаблівая „машына часу“, якая здольная выхапіць нас з мінулага і перамясьціць у эўрапейскую рэальнасьць, у сям’ю вольных грамадзтваў», — цытуе Цімашэнку ukranews.com.

Экс — прэм’ер Украіны адбывае сямігадовы тэрмін зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. У ЭЗ лічаць крымінальны перасьлед Цімашэнкі палітычна матываваным. Яе вызваленьне было адной з ключавых умоў падпісаньня пагадненьня.

У Кіеве і іншых украінскіх гарадах працягваюцца акцыі пратэсту прыхільнікаў эўраінтэграцыі Ўкраіны. Учора ўдзельнікі двух акцый у Кіеве аб’ядналіся на Майдане Незалежнасьці. Да пратэстаў усё больш актыўна далучаліся студэнты. Увечары яны перадалі ліст прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу з патрабаваньнем падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ.





Сімферопаль





Прэзыдэнт і прэм’ер Украіны раней заявілі, што Кіеў імкнецца падпісаць дагавор і стварыць зону свабоднага гандлю з ЭЗ, але на ўмовах выразных гарантый ЭЗ у сувязі з магчымымі фінансавымі стратамі і толькі пасьля трохбаковых перамоваў з удзелам Расеі.

21 лістапада ўкраінскі ўрад прыпыніў падрыхтоўку да падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ. У кабінэце міністраў растлумачылі такі крок складанай эканамічнай сытуацыяй і пагаршэньнем адносінаў з краінамі СНД, у першую чаргу, з Расеяй.

29 лістапада ў асноўны дзень саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні, украінскія актывісты плянуюць стварыць жывы ланцуг ад Кіева да польскай мяжы. Для такога ланцуга, даўжынёй больш за 600 кіламэтраў, неабходны ўдзел каля паўмільёна чалавек, паведамляе агенства УНІАН.