Інтэрполам – па іншадумцах

Такія краіны, як Расея, Шры-Ланка, Турэччына, Беларусь, Інданэзія, Іран і Вэнэсуэла злоўжываюць Інтэрполам для перасьледу ўцекачоў, журналістаў і мірных палітычных актывістаў. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе, апублікаваным міжнароднай арганізацыяй «За справядлівы суд» (Fair Trials International).

Нягледзячы на абавязацельствы Інтэрполу датрымлівацца нэўтральнасьці і абараняць правы чалавека, у дакладзе паказана, што мэханізмы нагляду Інтэрполу недастаткова эфэктыўныя, каб прадухіліць злоўжываньні зь цяжкімі наступствамі для зацікаўленых людзей: шкодай рэпутацыі, стратай працы, немагчымасьцю падарожнічаць і нават арыштам і выдачай.

Яго Расэл, выканаўчы дырэктар Fair Trials International, кажа:

«Інтэрпол адыгрывае важную ролю ў барацьбе з сур'ёзнай злачыннасьцю, але злоўжываньні магчымасьцю глябальнага вышуку могуць аказаць разбуральны ўплыў. Простымі рэформамі Інтэрполу можа адсеяць многія з гэтых выпадкаў і ўмацаваць аўтарытэт арганізацыі, які знаходзіцца пад пагрозай кожны раз, калі Інтэрпол выкарыстоўваецца не па прызначэньні, у палітычных мэтах».

У дакладзе паказана, што палітычна матываваны перасьлед практыкуе паліцыя ў прынамсі 190 краінах. Дакумэнт утрымлівае аповеды людзей, якія былі арыштаваныя альбо патрапілі за краты, у тым ліку ў краінах Эўразьвязу.

У дакладзе ўтрымліваецца шэраг рэкамэндацый, закліканых дапамагчы Інтэрполу прадухіліць такія выпадкі ў будучыні, і даць людзям шанец аспрэчыць справядлівасьць абвінавачваньняў: гэта адмова Інтэрполу выкарыстоўваць абразьлівыя, няпоўныя і недакладныя запыты ад краін-чальцоў арганізацыі і стварэньне незалежнага органу, у якім можна было б аспрэчыць падставы, на якіх Інтэрпол перасьледуе падазраваных. Штогод Інтэрпол атрымлівае прынамсі 20 тысяч такіх запытаў.

У дакладзе Fair Trials International апісваюцца, сярод іншых, наступныя выпадкі палітычнага перасьледу, да якога спрабавалі прыцягнуць Інтэрпол.

Пётр Сілаеў, расейскі антыфашысцкі актывіст, палітычны ўцякач. У жніўні 2012 году на падставе позвы з расейскай пракуратуры ён быў арыштаваны Інтэрполам ў Гішпаніі і 8 дзён утрымліваўся ў турме строгага рэжыму.

Бэні Вэнда, змагар за свабоду Заходняга Папуа, зьбег з турмы ў Інданэзіі і атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. Інданэзія накіравала запыт у Інтэрпол, грунтуючыся на тых жа палітычна матываваных абвінавачваньнях, на падставе якіх ён быў зьняволены. У выніку звароту Fair Trials International Інтэрпол скасаваў запыт на Вэнда ў ліпені 2012 году.

Патрысія Палео, вэнэсуэльская журналістка, якая мае журналісцкія ўзнагароды за расьсьледаваньні карупцыі, крытык Уга Чавэса, эмігравала ў ЗША. Вэнэсуэла зьвярнулася ў Інтэрпол з запытам на яе арышт. Яе абвінавачвалі ў забойстве, аднак абвінавачваньне развалілася пасьля інтэрвію асноўнага сьведкі, які прызнаўся, што яму заплацілі, каб ён даў хлусьлівыя паказаньні. Гэтае інтэрвію было паказанае па нацыянальным тэлебачаньні Вэнэсуэлы.