Пасьля чатырох заўчасных сьмерцяў нашых калег і блізкіх людзей сёлета, міжволі задумваесься – і ня столькі над пытаньнямі Бога ці жыцьця пасьля сьмерці (гэта прыватныя духоўныя рэчы), колькі пра само жыцьцё.
пра кнігу аўстралійскай мэдсястры Броні Ўэа “Пяць галоўных шкадаваньняў людзей, якія паміраюць” (Bronnie Ware, The Top Five Regrets of the Dying).
Аўтарка некалькі гадоў спэцыялізавалася ў гэтак званым паліятыўным даглядзе за пацыентамі ў апошнія тры месяцы іх жыцьця. Аказалася, што гэтыя людзі вельмі ясна і выразна адчувалі і вельмі часта аднолькава выказваліся пра тое, што б яны зрабілі іначай у сваім жыцьці.
Першае: “Шкада, што не хапіла сьмеласьці пражыць жыцьцё ў згодзе з самімі сабой, а ня так, як чакалі іншыя”
Броні Ўэа: Гэта самы часты матыў. У канцы жыцьця раптам вельмі выразна відаць, колькі мараў ня зьдзейсьнена. Большасьць людзей не паспрабавала выканаць нават палову. Яны паміраюць з думкай пра выбар, які зрабілі ці ня сталі рабіць. Мала хто разумее, што здароўе насамрэч дае свабоду – і разумеюць толькі калі ўжо запозна.
Другое: “Шкада, што так шмат працаваў”
Броні Ўэа: Так казаў мой кожны пацыент-мужчына. Міма іх прайшлі маладыя гады іх дзяцей і супольнасьць з жонкай. Усе мужчыны шкадавалі, што так шмат свайго жыцьця правялі ў няспынным працоўным коле.
Трэцяе: “Шкада, што не праяўляў свае пачуцьці”
Броні Ўэа: Шмат хто не даваў волі сваім пачуцьцям, каб не пакрыўдзіць нікога. У выніку ў іх было пасрэднае існаваньне і яны ня сталі кім маглі б стаць. Многія ў выніку захварэлі з-за горычы і злосьці.
Чацьвёртае: “Шкада, што страціў сувязь зь сябрамі”
Броні Ўэа: Шмат хто толькі ў апошнія тыдні жыцьця быў здольны па сапраўднаму ацаніць сяброўства, але ўжо позна было шукаць тых сяброў. Людзі былі занадта занятыя сваім жыцьцём і дазволілі залатым сяброўствам зьнікнуць зь цягам гадоў. Шмат хто шкадаваў, што не надаваў сябрам увагу і час, які яны заслугоўвалі. Усім не стае сяброў на сьмяротным ложку.
Пятае: “Шкада, што я не дазволіў сабе быць больш шчасьлівым”
Броні Ўэа: Вельмі частае шкадаваньне. Шмат хто не разумее да самых апошніх дзён, што шчасьце – гэта выбар. Яны засталіся ў старым наборы звычак і правілаў. Камфорт прывычнага запоўніў іх эмацыйнае і фізычнае жыцьцё. Страх пераменаў прымусіў іх удаваць перад іншымі і перад самімі сабой , што яны задаволеныя, хоць глыбока ў сярэдзіне ім хацелася і пасьмяяцца як сьлед, і рабіць розныя глупствы.
***
Верагодна, можна дапоўніць гэты сьпіс сваімі парадамі. Напрыклад, праводзіў зашмат часу ў Інтэрнэце. Ці замала падарожнічаў, не атрымаў асалоды ад прыроды... Адзін з камэнтатараў у газэце The Guardian напісаў, што шкадуе з усіх гэтых нагодаў, хоць мае толькі 21 год . Нехта заўважае, што менш працаваць можа азначаць горшае жыцьцё для сям'і, а адкрытыя пачуцьці могуць выклікаць адмоўную рэакцыю.
Кніга Броні Ўэа выйшла летась. На вокладцы – дзьмухаўцы. Тры квітнеюць як маленькія сонцы, а астатнія ўжо белыя шарыкі, і вецер падхоплівае асобныя парашуцікі і адпраўляе ў сіняе неба ў апошні палёт.