Як пішуцца падручнікі па гісторыі ў краінах колішняга СССР — Туркмэністан

Рэформай сыстэмы адукацыі ўлады Туркмэністану заклапаціліся пры канцы 90-х. Тады ж Сапармурат Ніязаў, першы і пажыцьцёвы прэзыдэнт Туркмэністану, загаварыў, што трэба выдаць новыя падручнікі.

У старых падручніках і кнігах, на думку туркмэнскіх чыноўнікаў, «няправільна асьвятляецца гісторыя туркмэнскага народу ў пэрыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і падчас савецкага дзяржаўнага будаўніцтва».

Няправільнымі, з пункту гледжаньня афіцыйнай ідэалёгіі, лічацца любыя апісаньні ўнутраных праблемаў традыцыйнага турмэнскага грамадзтва, а таксама станоўчыя ацэнкі наступстваў уваходжаньня Туркмэністану ў склад Расейскай імпэрыі.

У выніку са школьных бібліятэкаў былі канфіскаваныя і зьнішчаныя кнігі шмат якіх аўтараў савецкага пэрыяду. Пазьней пераважную большасьць бібліятэкаў увогуле закрылі.

Пасьля расфармаваньня ў канцы 1998 году Акадэміі навук Туркмэністану Інстытут гісторыі быў наўпрост падпарадкаваны кабінэту міністраў.

Туркмэнскіх гісторыкаў абавязалі прытрымлівацца ў сваіх публікацыях «новай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі», якую абвясьціў Ніязаў.

У 2000 годзе на загад Ніязава канфіскавалі з школьных бібліятэк і зьнішчылі 25 тысяч асобнікаў новага падручніка «Гісторыя Туркмэністану» для 4 клясу.

Пасьля гэтага гісторыю ў школах і ў ВНУ сталі выкладаць не па падручніках, а «па газэтах». Матэрыяламі для вывучэньня на ўроках гісторыі рабіліся выступы Ніязава, нарысы пра жыцьцё яго самога ці ягоных продкаў.