Не злоўжывайце жарапаніжальнымі для дзяцей

Бацькам ня варта даваць дзецям зь невялікай тэмпэратурай такія лекі як парацэтамол альбо ібупрафэн, бо гэта можа ўзмацніць хваробу і паставіць іх здароўе пад пагрозу.
Амэрыканская акадэмія пэдыятрыі ў сваіх рэкамэндацыях адзначае, што бацькі часта даюць такія лекі (у тым ліку іх дзіцячыя варыянты, такія як нурафэн) без патрэбы і у завялікіх дозах. Дактары нагадваюць, што часта падвышаная тэмпэратура гэта адзін са сродкаў арганізма ў змаганьні з інфэкцыяй, таму жарапаніжальныя сродкі могуць павялічыць працягласьць хваробы.

Акрамя таго, гэтыя лекі могуць мець непажаданыя пабочныя эфэкты, таму даваць іх дзецям трэба дакладна паводле рэкамэндаванай дозы і толькі ў тым выпадку, калі ў дадатак да павышанай тэмпэратуры дзеці кепска пачуваюцца.