Прэзыдэнт Абама выбачыўся перад грамадзянамі

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама папрасіў прабачэньня ў амэрыканцаў, якія губляюць мэдыцынскае страхаваньне ў выніку ўступленьня ў сілу закона аб даступным мэдыцынскім абслугоўваньні, які быў прыняты тры з лішнім гады таму на ягоную ініцыятыву.

«Я прыношу прабачэньні за тое, што людзі апынуліся ў цяперашняй сытуацыі на падставе запэўніваньняў, атрыманых ад мяне»,— сказаў прэзыдэнт у інтэрвію тэлекампаніі NBC.

Гаворка ідзе пра абяцаньне, зробленым прэзыдэнтам падчас абмеркаваньня закона, прынятага насуперак пратэстам заканадаўцаў-рэспубліканцаў. Прэзыдэнт ЗША неаднаразова абяцаў амэрыканцам, што ў выніку ўвасабленьня рэформы сыстэмы мэдыцынскага страхаваньня для тых, у каго ёсьць страхоўка, нічога не зьменіцца. У рэчаіснасьці, каля пяці адсоткаў насельніцтва, гэта значыць пятнаццаці мільёнаў чалавек, страцяць страхоўку і будуць вымушаныя ў выніку заключэньня новых страхавых дамоваў плаціць значна больш.

Прэзыдэнт Абама прызнаў, што ініцыятары закона не давялі да ведама людзей поўнай інфармацыі пра зьмены, якія стануць вынікам ўступленьня закона ў сілу, але адхіліў абвінавачваньні крытыкаў у тым, што Белы Дом і яго саюзьнікі ўвялі амэрыканцаў у зман у надзеі дамагчыся падтрымкі рэформы ў Кангрэсе.

Страхавыя кампаніі сьцьвярджаюць, што прычынай спыненьня страхаваньня зьяўляецца неабходнасьць зьмены страхавых пагадненьняў і ўключэньня ў іх цэлага шэрагу новых паслуг, уведзеных новым законам, што цягне значнае павышэньне кошту страхаваньня.

Заканадаўцы і Белы Дом заклікаюць страхавыя кампаніі пачакаць з падвышэньнем коштаў страхавых полісаў, настойваючы на тым, што па меры разьвіцьця рынку страхаваньня, іх цэны пачнуць зьніжацца.