Украіна можа зрабіцца экспартэрам газу

Падпісаньне дамовы паміж кампаніямі «Шэўрон»

Віктар Януковіч заявіў, што ўжо да 2020 году Ўкраіна цалкам забясьпечыць свае патрэбы ў газе.
Кампанія «Шэўрон Украіна» і дзяржаўная кампанія «Надра Ўкраіны» падпісалі пагадненьне, паводле якога распачнецца здабыча сланцавага газу на Алескай плошчы на захадзе Львоўскай і Івана-Франкоўскай абласьцей. На першым этапе Chevron інвэстуе 350 мільёнаў даляраў, а ўсяго інвэстыцыі кампаніі ў праект могуць дасягнуць 10 мільярдаў даляраў.

Як нагадвае ВВС, раней Кіеў правёў тры тэндэры па распрацоўцы трох радовішчаў, якія выйгралі ангельска-галяндзкая Shell, амэрыканская Chevron і кансорцыюім на чале з амэрыканскай ExxonMobil. Chevron будзе распрацоўваць Алескае радовішча.

Пры гэтым Chevron пагадзілася кампэнсаваць страты, нанесеныя экалёгіі і гарантаваць рэгенэрацыю глебы.

На пасяджэньні Рады інвэстараў прэзыдэнт Віктар Януковіч заявіў, што дзякуючы супрацоўніцтву з Shell і Chevron ужо да 2020 году Ўкраіна цалкам забясьпечыць свае патрэбы ў газе. Больш за тое: паводле Януковіча, у пэрспэктыве Ўкраіна можа зрабіцца экспартэрам газу.

Фактычна, гэта азначае істотнае зьмяншэньне энэргетычнай залежнасьці Ўкраіны ад Расеі, што ацэньваецца назіральнікамі ў кантэксьце пагадненьня аб асацыяваным сяброўстве з Эўрапейскім Зьвязам, якое павінна быць падпісанае ў Вільні. У апошнія тыдні Крэмль недвухсэнсоўна выказаў незадаволенасьць гэтым пагадненьнем і даў падставы меркаваць, што яно можа адбіцца на аб'ёмах пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў ва Ўкраіну.

Запасы сланцавага газу ва Ўкраіне – адны з найбуйнейшых ў Эўропе, пасьля Польшчы, Францыі і Нарвэгіі.