Мурсі на месцы Мубарака

Мухамэд Мурсі

Колішняга прэзыдэнта Эгіпту будуць судзіць у Каіры.
Сілы бясьпекі Эгіпту знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці перад пачаткам судовага працэсу над колішнім прэзыдэнтам гэтай краіны Мухамэдам Мурсі.

Мурсі будуць судзіць паводле абвінавачваньня ў падбухторваньні да забойства. Аналягічныя абвінавачваньні выстаўленыя яшчэ 14 чальцам ісламісцкага руху Браты-мусульмане.

Абвінавачваньні зьвязаныя з сутычкамі каля прэзыдэнцкага палацу ў Каіры ў сьнежні 2012-га. Тады загінулі 7 чалавек.

Прыхільнікі Мурсі ўжо заклікалі да масавых дэманстрацыяў каля будынку, дзе будзе праходзіць суд, а таксама па ўсёй краіне.

Мурсі будуць судзіць у тым самым месцы, дзе паводле аналягічных абвінавачаньняў судзілі ягонага папярэдніка Хосьні Мубарака.

Пакуль невядома, ці будзе Мурсі прысутнічаць у судзе. Зь ліпеня 2013, калі вайскоўцы скінулі яго з пасады кіраўніка краіны, Мурсі трымаюць у сакрэтным месцы, нагадвае ВВС.