У Турэччыну бязь візаў, а чаму не ў Эўразьвяз?

Турэцкая віза

Палата прадстаўнікоў ратыфікавала міжурадавае пагадненьне з Турэччынай аб бязьвізавым рэжыме.
Яно ўступіць у сілу пасьля завяршэньня ўсіх унутраных працэдур, на 30-ты дзень пасьля паведамленьня бакам аб завяршэньні заканадаўчага афармленьня. Пакуль яшчэ трэба, каб дакумэнт ратыфікаваў Савет Рэспублікі і падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Менскі палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў ня лічыць вялікім прарывам гэтую дамову з Турэччынай. Хіба што турысты змогуць зэканоміць па 20 даляраў — ня больш:

Андрэй Фёдараў

«Памятаю, калі я сам езьдзіў у Турэччыну, то проста штампавалі пашпарт візай у аэрапорце, ніякіх праблемаў не было. Гэта, вядома, крыху аблягчае працэдуры. Гэта для турыстаў зроблена, ні для кога іншага. Але гаварыць пра прарыў тут не выпадае. Прынцыповых супярэчнасьцяў і складанасьцяў тут і не было, я ня чуў, каб каму адмаўлялі ў турэцкай візе».

Разам з тым беларускі ўрад ужо каторы год ігнаруе прапановы Эўразьвязу наконт аблягчэньня візавага рэжыму і не ратыфікуе дамовы аб бязьвізавым прымежным руху зь Літвой і Польшчай. У аснове такіх паводзін Менску ляжаць палітычныя чыньнікі, перакананы Андрэй Фёдараў:

«У адносінах з Турэччынай у нас ніколі не было палітычных супярэчнасьцяў, Анкара нам не выстаўляла патрабаваньняў, зьвязаных з правамі чалавека. Беларускае кіраўніцтва не баіцца, што нашы грамадзяне будуць наведваць Турэччыну і набяруцца нейкіх шкодных ідэяў — у адрозьненьне ад краін Эўразьвязу. Афіцыйнаму Менску ня вельмі хочацца, каб нашыя жыхары наведвалі гэтыя краіны і атрымлівалі тую інфармацыю, якая лічыцца шкоднай у беларускіх вярхах».