Як багатыя расейцы купляюць другі пашпарт

Сучасны пашпарт Расеі

Матэрыял пад такім загалоўкам нядаўна зьмясьціла выданьне Moscow Times.

Аказваецца, набываньне замежных пашпартоў багатымі расейскімі бізнэсмэнамі — вельмі прыбытковы бізнэс, які абслугоўваюць адмысловыя кансультацыйныя фірмы на Захадзе.

Грамадзянства некаторых краінаў на Захадзе можна набыць у абмен за інвэстыцыі ў эканоміку і/або ў сфэру гандлю нерухомай маёмасьцю гэтых краінаў.

«Шмат людзей ня ведае, чаго яны насамрэч хочуць. Мае кліенты звычайна кажуць: я хачу туды паехаць. Ну, „туды“ значыць 150 розных краінаў» — Moscow Times цытуе Нуры Каца, агента адной кансультацыйнай фірмы, якая дапамагае багатым расейцам набыць замежнае грамадзянства. У Нуры Каца тры пашпарты — амэрыканскі, канадзкі і ізраільскі.

Кіпрыёцкае грамадзянства каштавала расейскага мільярдэра Аляксандра Абрамава больш за 7 мільёнаў даляраў, якія ён інвэставаў у эканоміку гэтага прыхільнага расейцам вострава. А вось грамадзянства астраўной дзяржавы Сэні-Кітс і Нэвіс у Карыбскім моры можна атрымаць усяго за набыцьцё нерухомасьці коштам 400 тысяч даляраў.

Паводле Нуры Каца, найцяжэйшым этапам у атрыманьні другога або трэцяга грамадзянства багатымі расейцамі зьяўляецца вытлумачэньне іміграцыйным службам, адкуль у расейцаў узяліся грошы дзеля інвэстыцый. Вось гэтым і займаюцца розныя кансультацыйныя фірмы ў бізнэсе «грамадзянства за інвэстыцыі».

Паводле Каца, страх перад палітычных перасьледам у Расеі не зьяўляецца істотнай прычынай набываньня расейцамі замежнага грамадзянства. Насуперак спадзяваньням, ні арышт Міхаіла Хадаркоўскага ў 2003 годзе, ні сьмерць Сяргея Магніцкага ў турме ў 2009 годзе прыкметна не паўплывалі на рост зацікаўленьня другім пашпартам сярод расейскай фінансавай і бізнэсовай эліты.

Паводле Аляксандра Неўзьліна, колішняга бізнэсовага партнэра Хадаркоўскага, які пасьля арышту таго апошняга атрымаў ізраільскі пашпарт усяго за месяц і тры дні у абмен за 1,5 мільёна даляраў датацыі для музэю габрэйскай дыяспары, расейцы набываюць замежныя пашпарты пераважна дзеля зручнасьці перамяшчэньня па сьвеце. Расейскім бізнэсмэнам трэба візы для паездкі ў большасьць краінаў на Захадзе, і яны або іх памочнікі вымушаныя запаўняць бясконцыя візавыя формы, якія ў дадатак патрабуюць складанай каардынацыі пры наведваньні не адной, а некалькіх заходніх краінаў.

Гонар багатага чалавека таксама адыгрывае ў гэтай справе сваю ролю. «Вам 46 гадоў, а нейкі 22-гадовы маладзён глядзіць на вас з другога боку шклянога экрану і пытаецца: Вы не зьбіраецеся застацца нелегальна ў маёй краіне?» — так Нуры Кац тлумачыць маскоўскаму выданьню матывы набываньня другога пашпарту багатымі расейцамі.

Акрамя згаданай астраўной дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс, расейцы ахвотна набываюць грамадзянства другога карыбскага вострава, Антыгуа. Шмат хто з расейцаў выбірае грамадзянства Вялікабрытаніі і Баўгарыі. Нягледзячы на наяўнасьць адмысловых праграмаў «грамадзянства за інвэстыцыі» ў ЗША і Канадзе, багатых расейцаў туды ўпускаюць неахвотна. У 2011 годзе станоўча вырашана толькі 30 расейскіх просьбаў аб грамадзянстве ў ЗША і ўсяго 6 просьбаў у Канадзе.