Аліеву прагназуюць трэці тэрмін

Ідзе галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Азербайджане, на якіх чакаецца перамога цяперашняга прэзыдэнта Ільгама Аліева, які балятуецца на трэці пяцігадовы тэрмін.
Паводле апытаньняў напярэдадні сёньняшняга галасаваньня, Аліеў значна апярэджвае астатніх 9 кандыдатаў. Кааліцыя апазыцыйных партыяў упершыню аб’ядналася вакол адзінага кандыдата, 61-гадовага гісторыка Джаміля Гесенлі.

Цягам дзесяці гадоў знаходжаньня ва ўладзе Аліева, у Азербайджане адбываўся эканамічны пад’ём, у значнай ступені дзякуючы экспарту нафты і газу ў краіны Эўропы. Але рэжым Аліева абвінавачваюць у карупцыі і непавазе да правоў чалавека, а праваабаронцы кажуць, што ягоных апанэнтаў арыштоўваюць паводле фальшывых абвінавачаньняў цягам выбарчай кампаніі.

Жыхар Баку Іскендэр Керымаў сказаў агенцтву Ройтэрс на адным з выбарчых участкаў у сераду:

«Я галасаваў за прэзыдэнта, бо ён — той чалавек, які забясьпечыў стабільнасьць у рэспубліцы цягам апошніх 10 гадоў свайго кіраваньня, і мы бачым канкрэтныя вынікі яго дзейнасьці. Я думаю, ён будзе напружана працаваць і ў будучыні на карысьць краіны, на карысьць стабільнасьці, міру і дабрабыту».

Праваабаронца Лейла Юнус, дырэктарка бакінскага Інстытуту Міру і Дэмакратыі, казала, што чакае масавых фальсыфікацый на цяперашніх выбарах.

«Найбольш імаверна, што фальсыфікацыі пачнуцца адразу ж пасьля закрыцьця ўчасткаў. Да таго часу будуць гэтак званыя „каруселі“, якія ўжо падрыхтаваныя. Шмат каму зь бюджэтных работнікаў выдалі ўжо запоўненыя бюлетэні і сказалі ім схадзіць закінуць гэтыя бюлетэні і прынесьці назад чыстыя, каб не страціць працу. Рыхтуюцца таксама і іншыя спосабы фальсыфікацый. Выбарчыя пратаколы таксама будуць падробленыя».

На мінулых выбарах пяць гадоў таму Аліева абвясьцілі пераможцам з 90 працэнтамі галасоў. Заходнія назіральнікі асудзілі тыя выбары, заявіўшы што яны не былі ані свабоднымі, ані справядлівымі.

У справаздачы, апублікаванай 8 кастрычніка, напярэдадні галасаваньня, праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра «сьпіраль прыгнёту» з боку азербайджанскіх уладаў, якія запалохваюць і арыштоўваюць сваіх апанэнтаў. Спасылаючыся на аслабленьне незалежных мэдыяў, арышты прыхільнікаў апазыцыі паводле «сфабрыкаваных абвінавачаньняў», арганізацыя ставіць пад сумнеў каштоўнасьць правядзеньня выбараў.

Ільгам Аліеў стаў наступнікам свайго бацькі, Гейдара Аліева, у 2003 годзе. У 2009 ён арганізаваў папраўку да Канстытуцыі, каб адмяніць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Да таго часу, паводле Канстытуцыі, адна асоба не магла быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны.