Стратэгія Захаду адносна Беларусі ўклалася ў адзін сказ

Анатоль Лябедзька

Яна сфармуляваная так: «Вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў, сумленныя і свабодныя выбары».
«Такая падача ў адным сказе абсалютна ясная і зразумелая», — заявіў міністар па справах Эўропы ўраду Вялікай Брытаніі Дэвід Лідынгтан падчас сустрэчы зь лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам. А міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ўільям Хэйг сказаў спадару Лябедзьку, што надзвычай важна ня толькі дамагчыся вызваленьня цяперашніх вязьняў, але і ні ў якім выпадку не дапусьціць зьяўленьня новых.

Анатоль Лябедзька сёньня вярнуўся зь Лёндану, дзе быў госьцем зьезду правячай кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі. Ён распавёў «Свабодзе»:

«Злучанае Каралеўства — гэта тая краіна, голас якой чутны ў любым пытаньні. Таму я выкарыстаў запрашэньне на форум сястрынскай партыі, каб размаўляць па розных беларускіх пытаньнях. Атрымалася нядрэнна. Штодня было каля дзясятка сустрэч з парлямэнтарамі, чальцамі ўраду, уплывовымі палітыкамі. Найважнейшыя — зь міністрамі Лідынгтанам і Хэйгам.

Лідынгтану я перадаў зварот, падпісаны мною, Андрэем Саньнікавым і Віталём Рымашэўскім. Гэта ў зьвязку з разьмяшчэньнем у нашай краіне расейскай авіябазы. На наш погляд, гэта парушае ня толькі дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, але і будапэшцкі Мэмарандум аб гарантыях для Беларусі, які падпісалі ў тым ліку і брытанцы. Мы лічым вельмі важным, каб з Вашынгтону і Лёндану прагучалі заявы, што гэтыя краіны — пасьлядоўнымі прыхільнікі тых гарантыяў».

Анатоль Лябедзька сказаў таксама, што ён перадаў брытанскім парлямэнтарам, якія прадстаўляюць сваю краіну ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, інфармацыю пра кулюарныя пляны беларускіх уладаў спыніць дзейнасьць спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі ў гэтай міжнароднай структуры:

«Я думаю, што галасы брытанцаў у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ня будуць пададзеныя за скасаваньне рабочай групы па Беларусі».

І яшчэ адна важная тэма размоваў у Лёндане — саміт краін «Усходняга партнэрства» ў Вільні. «Я выказаў агульную думку беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Мы зацікаўленыя, каб былі адчыненыя дзьверы для Ўкраіны, Малдовы, Грузіі. Гэта дапаможа нам больш прадметна працаваць унутры сваёй краіны».