Актывістаў «Грынпіс» пачнуць судзіць

Арышт актывістаў «Грынпісу» каля «Прыразломнай»

Суд над актывістамі «Грынпіс» — альпіністкай Сіні Саарэла і грамадзянінам Швэцыі Дзьмітрыем Літвінавым, якія былі арыштаваныя з судна Arctic Sunrise, — пачнецца 2 кастрычніка, паведаміла экалягічная арганізацыя ў сваім тўітэры.

Абое актывістаў былі ўзятыя пад варту да 24 лістапада.

Альпіністка Саарэла непасрэдна ўдзельнічала ў акцыі на «Прыразломнай» — яна спрабавала падняцца на плятформу, але звалілася ў ваду, і яе падабралі расейскія памежнікі. Саарэлу затрымалі на 72 гадзіны. Абарона Саарэлы прадставіла станоўчыя характарыстыкі і прасіла абраць падабароннай меру стрыманьня ў выглядзе закладу ў мільён рублёў або хатняга арышту, спасылаючыся на дрэннае самаадчуваньне актывісткі. Раней абарона Саарэлы таксама зачытала зварот яе 90-гадовай бабулі, якая папрасіла пакінуць унучку на волі, перадае РИА «Новости».

Дзьмітрый Літвінаваў

Сіні Саарэла

29 верасьня быў узяты пад варту на два месяцы актывіст «Грынпісу», грамадзянін Швэцыі Дзьмітрый Літвінаў.

Актывісты «Грынпісу» паспрабавалі 18 верасьня ў Пячорскім моры падняцца на нафтавую плятформу «Прыразломная» кампаніі «Газпром-нафта-шэльф», каб правесьці акцыю супраць нафтаздабычы ў Арктыцы. Усе 30 чалавек, якія былі на борце судна «Грынпіс», арыштаваныя, цяпер яны ў СІЗА Мурманску й Мурманскай вобласьці.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» абвясьціла збор подпісаў на сайце baj.by пад адкрытым лістом у падтрымку арыштаванага разам з актывістамі «Грынпісу» фатографа Дзяніса Сінякова. Ліст будзе накіраваны расейскім уладам. Аўтары ліста патрабуюць неадкладна вызваліць свайго калегу і зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні.

Раней беларускія незалежныя фатографы далучыліся да акцыі ў расейскіх СМІ і выставілі чорныя плямы замест фатаздымкаў на сваіх старонках у фэйсбуку.